Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ізраілі амаль няма СМІ, якія б не адрэагавалі на выказваньні А.Лукашэнкі


Радыё Свабода Наколькі шырока ў ізраільскім грамадзтве і ў ізраільскіх мэдыях абмяркоўваюцца вядомыя выказваньні Аляксандра Лукашэнкі наконт Бабруйску і габрэяў? З такім пытаньнем мы зьвярнуліся да першага пасла Ізраілю ў Беларусі, зараз – генэральнага дырэктара выдавецтва “Габрэйская энцыкляпедыя” Эліягу Валка.

Валк: “Сьмела можна сказаць, што не засталося ніводнага сродку масавай інфармацыі, асабліва сярод тых, што друкуюцца ці вяшчаюць на расейскай мове, якія б не адрэагавалі на гэтае выказваньне Аляксандра Лукашэнкі. Але варта адзначыць, што ўсе гэтыя публікацыі зьявіліся толькі пасьля таго, як ізраільскае МЗС выступіла з дэмаршам наконт гэтых словаў Лукашэнкі.

Я асабліва б адзначыў артыкулы ў такіх уплывовых газэтах, як Haaretz і Jerusalem Post. Гэта дало магчымасьць яшчэ раз прыгадаць, што такое Беларусь сёньня і хто кіруе гэтай краінай. Газэты пішуць і пра ўцісканьне свабоды слова, і перасьлед іншадумцаў, і пра зьнікненьні людзей.

”Бабруйск – ніяк ня брудны горад, а Маці гарадоў ізраільскіх”.
Што ж тычыцца антысэмітызму і менавіта гэтага выказваньня, то гэтаму не надаецца шмат увагі. Некаторыя газэты, на мой погляд, перагінаюць палку, быў перадавы артыкул у Jerusalem Post, дзе гаварылася пра традыцыйны антысэмітызм беларусаў і пра іх актыўны ўдзел у Галакосьце.

Я выступіў па адной з радыёстанцый і сказаў, што гэта перабольшаньне, што антысэмітызм уласьцівы беларусам ня ў большай, а, хутчэй, у меншай ступені, чым іх суседзям на поўначы і на поўдні.

Хаця я ведаю выпадкі, калі сям''ю беларусаў-праведнікаў, якія ратавалі габрэяў, выдаваў другі беларус. Але гэта было шмат у якіх народаў.

Што тычыцца выказваньня Лукашэнкі, то яно абурыла і многіх карэнных ізраільцянаў, якія жывуць у краіне ў другім-трэцім пакаленьні, але чые продкі – выхадцы з Бабруйску. Яны абураныя вельмі моцна, бо ў памяці іх і іх бацькоў Бабруйск – ніяк ня брудны горад, а Маці гарадоў ізраільскіх.

Апошні раз у Ізраілі ўзгадвалі пра Лукашэнку, калі ён абдымаўся з прэзыдэнтам Ірану. Гэта, як вядома, вялікі "сябра" Ізраілю, які хоча нас зьнішчыць, сьцерці з мапы сьвету. Скажам, сёньня ў газэце Haaretz выказваньні Лукашэнкі зьвязваюць менавіта зь ягонай гульнёй з Іранам, што гэта ня проста нейкая неразумная агаворка прэзыдэнта, а магчыма, рэвэранс у бок Ірану.

Аднак я ня думаю, што Ізраіль будзе разьдзімаць вялікі скандал вакол гэтага выказваньня Лукашэнкі. На Захадзе быў выдадзены нават цэлы зборнік ягоных яскравых выказваньняў. І калі на кожнае ягонае выказваньне рабіць дыпляматычны скандал, то ў Менску засталося б толькі тры пасольствы: Паўночнай Карэі , Вэнэсуэлы і Расеі”.
XS
SM
MD
LG