Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званок на “Свабоду”: “Прафэсара Аляксандра Казуліна пасадзілі ні за што”


Радыё Свабода Агляд вашых тэлефанаваньняў ад 25 кастрычніка, чацьвер.

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


СМС: “Прывітаньне. Цяпер на акцыі апазыцыі ходзіць вельмі мала людзей. Адкажыце, калі ласка, што можна зрабіць, каб людзей было значна больш? Алег. Рэчыца”.

На пытаньне адказвае старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

“Зразумела, што вулічныя акцыі для нас не самамэта. Нашая галоўная мэта, каб бальшыня людзей разумелі патрэбу тэрміновых зьменаў. Трэба інфармаваць сваіх суседзяў, калегаў на працы, родзічаў. Гэта можа рабіць кожны чалавек. І калі кожны далучыцца да гэтай справы, тады і на вуліцы будзе прыкметная колькасьць людзей”.

Спадарыня: “Прафэсара Аляксандра Ўладзіслававіча Казуліна пасадзілі ні за што. Да яго як да кандыдата мы ехалі зь вёсак у тую Горадню, каб расказаць, як з нас зьдзекуюцца. І мы расказвалі. І ўсіх ён нас выслухаў. Мы прыехалі да яго з горам і бядою.

Свабоду Аляксандру Казуліну! Перад гэтым быў у нас Лукашэнка ў вёсцы. Я хацела да яго зьвярнуцца і перадала ліст. Лісты ніхто не зьбіраў. І не адказваў. А так можна рабіць?”

На пытаньне адказвае Анатоль Сідарэвіч — намесьнік старшыні Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), якую ўзначальвае Аляксандар Казулін:

“Канечне, так не павінна быць. У нас жа заўсёды што робіцца? Вы, да прыкладу, скардзіцеся на Пятра з Карэліцкага райвыканкаму ў Гарадзенскі аблвыканкам, а пісьмо вяртаецца назад у Карэліцкі райвыканкам. У нас жа няма незалежнай пракуратуры, незалежнага суду”.

Зіноўеў: “Пытаньне да “Народнай волі”. А дзе цяпер маёр Лапацік, сьведка па справе Ганчара — Красоўскага? Дзякуй”.

Адказвае намесьніца рэдактара “Народнай волі” Сьвятлана Калінкіна:

“Ён у Беларусі, ён пэнсіянэр і большую частку часу праводзіць на лецішчы. На жаль, ад інтэрвію і наагул ад якіх-небудзь пытаньняў наконт гучных справаў, ён адмаўляецца”.

Волюсь, Гомель: “Па радыё я чуў, што 7 лістапада ў Менску адбудзецца ўрачыстае паседжаньне, прысьвечанае 90-годзьдзю бальшавіцкага перавароту з удзелам камуністаў многіх краінаў. Лічу, што такі сход лепей было б правесьці ў Вэнэсуэле, на Кубе альбо ў Паўночнай Карэі. Што — Лукашэнку не ўдалося зрабіць Беларусь цэнтрам славянізму, дык ён хоча зрабіць яе цэнтрам усясьветнага камунізму?!”

Ільля Копыл, Менск: “Добры вечар. 23 кастрычніка на хвалях “Свабоды” прагучала тэлефанаваньне аднаго слухача, які казаў, што ў Беларусі не ажыцьцяўляюцца камуністычныя ідэалы кастрычніцкай рэвалюцыі. Яго падтрымала камуністычная партыйная функцыянэрка Алена Скрыган.

З інтанацыі іх выказваньняў цяжка зразумець — ці яны зьдзекуюцца з нас, ці насьміхаюцца? Пра якія ідэалы можна гаварыць? Можа, яны смуткуюць па грамадзянскай вайне, па голадзе, арганізаваных бальшавікамі ў 1921—1922 гадах і ў 1930—1932 гадах, па чырвоным тэроры, па савецкіх канцлягерах?! Можа, ім мала Курапатаў?!

Каб не адбыўся кастрычніцкі пераварот, ня ўзьнік бы на зямлі і фашызм. І, магчыма, не было б Другой усясьветнай вайны. Фашызм — гэта пачварнае дзіця камунізму. У нашы дні нэафашызм зноў падымае галаву. А гэта адбываецца таму, што ў свой час ня прайшоў Нюрнбэрскі суд на камунізмам як самай злачыннай зьявай новай гісторыі”.
XS
SM
MD
LG