Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Каб спаралізаваць інтэрнэт у краіне, досыць аднаго праграміста”


Радыё Свабода Камітэт у міжнародных справах Кангрэсу Злучаных Штатаў Амэрыкі аднагалосна ўхваліў “Акт аб глябальнай сеткавай свабодзе”. Ад гэтага часу ЗША маюць намер змагацца са спробамі шэрагу ўрадаў цэнзураваць альбо абмяжоўваць доступ да інтэрнэту ў сваіх краінах, а таксама з рэжымамі, якія пагражаюць крымінальным перасьледам карыстальнікам усясьветнай сеткі. У сьпісе патэнцыйных і рэальных ворагаў інтэрнэту — Куба, Іран, Этыёпія, Ляос, КНДР, Кітай, Туніс, Віетнам, а таксама адна эўрапейская краіна — Беларусь.

Неўзабаве ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША створаць спэцыяльнае ўпраўленьне, якое зоймецца маніторынгам свабоды глябальнага інтэрнэту. Ягоная асноўная задача — абарона і прасоўваньне свабоды электроннай інфармацыі за мяжой.

Судзейнічаць рэсурсамі Дзярждэпартамэнту ў гэтай задачы будуць нацыянальная выведка ЗША, Міністэрства юстыцыі, Генэральная пракуратура ды іншыя структуры амэрыканскага ўраду.

Трэба бараніць ад дзяржавы ўсясьветнае сеціва

Сёлета Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў нагадваў падначаленым, што насьпеў час упарадкаваць інтэрнэт, які ён назваў “ўсясьветнай сьметніцай”.

Ёсьць ужо і рэальныя прыклады прыцягненьня да адказнасьці за распаўсюд інфармацыі ў сеціве.

Палітык Андрэй Клімаў асуджаны да двух гадоў пазбаўленьня волі з фармулёўкай “за заклікі да скіданьня ўлады ці зьмены канстытуцыйнага ладу з дапамогай СМІ”.

Падставай да судовага разьбіральніцтва сталі артыкулы Клімава, зьмешчаныя на сайце Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Яшчэ больш жорсткія санкцыі да беларускага сэктару інтэрнэту рыхтуе законапраект “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”. У першым чытаньні ўжо на восеньскай сэсіі яго мусяць разгледзець дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Як кажа кіраўнік Цэнтру прававой абароны СМІ пры Беларускай асацыяцыі журналістаў прафэсар Міхаіл Пастухоў, у дакумэнце відавочныя намеры як абмежаваць доступ беларусаў да сеціва, так і забясьпечыць татальны кантроль за карыстальнікамі:

“Самае важнае, што мы ўбачылі ў гэтым законапраекце, — гэта вельмі сур’ёзную спробу дзяржаўных органаў усталяваць кантроль за распаўсюдам інфармацыі праз інтэрнэт.

Ня столькі тут нават хаваецца небясьпека для дзейных СМІ (друкаваных, радыё і тэлебачаньня), колькі ёсьць спроба “ўпарадкаваць” сеціва — каб мець кантроль над усімі інтэрнэт-рэсурсамі. Тым больш, што ў дзяржаве аднаго правайдэра (у асобе “Белтэлекаму”) гэта зрабіць рэальна.

Апроч таго, яшчэ адна задача — паставіць пад кантроль карыстальнікаў інтэрнэту, распаўсюднікаў інфармацыі праз інтэрнэт. І таму трэба бараніць ад дзяржавы гэтую міжнародную сетку да таго часу, пакуль гэта магчыма”.

Нэўтралізаваць інтэрнэт — адной левай

Калі валявое рашэньне абмежаваць доступ у інтэрнэт будзе, рэалізаваць яго не складзе ніякіх цяжкасьцяў.

Так лічыць праграміст Вадзім Герасімаў, які знаёмы з мэтадамі фільтрацыі інтэрнэт-рэсурсаў. Ён перакананы, што ў беларускім выпадку нават не запатрабуюцца кітайскія тэхналёгіі, да якіх усё часьцей апэлююць у кулюарах зацікаўленых ведамстваў:

“Насамрэч абмежаваць доступ да інтэрнэту можна і існымі тэхнічнымі магутнасьцямі, без спэцыяльных закупаў. Проста ў кітайцаў досьвед вялікі: яны ў межах сваёй краіны забаранілі, а ў іх жа пад два мільярды насельніцтва. Ім складаней гэта было зрабіць тэхнічна з-за масы насельніцтва. У іх інтэрнэт больш даступны і распаўсюджаны — то бок, аб’ёмы зусім іншыя.

Таму ў нас усё нашмат прасьцей з тэхнічнага гледзішча. Дый практыка ўжо паказвае: калі адбываюцца палітычныя падзеі, некаторыя рэсурсы робяцца недаступнымі — дзякуючы таму, што правайдэры адключаюць доступ да іх.

А абмежаваць доступ — гэта напісаць сьпіс забароненых да доступу рэсурсаў, адрасы гэтых сайтаў — вось і ўсё. Таму тэхнічна гэта зусім нескладана”.

Як удакладняе мой суразмоўца, дзеля нэўтралізацыі канкрэтнага сэктару ў сеціве ня трэба трымаць нават каманду спэцыялістаў, а досыць высілкаў аднаго праграміста.

*** У “Акце аб глябальнай сеткавай свабодзе”, што ўхваліў Кангрэс ЗША, адзначаецца: кампаніі, якія аказваюць паслугі інтэрнэту, не павінны супрацоўнічаць з уладамі “рэпрэсіўных краінаў” дзеля сачэньня за дэмакратычнымі актывістамі.
XS
SM
MD
LG