Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія тэндэнцыі пераважаюць у беларускай эканоміцы?


Валер Карбалевіч, Менск Беларускі ўрад падвёў вынікі эканамічнага разьвіцьця краіны за дзевяць месяцаў. Ці адаптавалася эканоміка да росту цэнаў на энэргарэсурсы? Якая прычына нэгатыўных тэндэнцыяў? Які агульны вэктар разьвіцьця беларускай эканомікі?

Удзельнікі: эканаміст Аляксандар Чубрык і аглядальнік газэты “Белорусы и рынок” Кастусь Скуратовіч.

Беларускі ўрад падвёў вынікі эканамічнага разьвіцьця краіны за дзевяць месяцаў. Ці адаптавалася эканоміка да росту цэнаў на энэргарэсурсы? Якая прычына нэгатыўных тэндэнцыяў? Які агульны вэктар разьвіцьця беларускай эканомікі?

Чаму ў Беларусі высокія валавыя паказчыкі?

Валер Карбалевіч: “Выглядае, што паказчыкі разьвіцьця беларускай эканомікі па выніках дзевяці месяцаў даволі добрыя.

Рост валавога ўнутранага прадукту — 8,4%, рост рэальных грашовых даходаў насельніцтва — 16,2%. Растуць замежныя інвэстыцыі й прапановы замежнага капіталу.

Для любой краіны такія паказчыкі выглядалі б як выдатныя. Як сказаў прэм’ер Сідорскі на паседжаньні ўраду, усё гэта сьведчыць пра поўную адаптацыю эканомікі да павелічэньня цэнаў на энэрганосьбіты. Ці сапраўды гэта так?”

Аляксандар Чубрык: “Зьнешне вынікі сапраўды выглядаюць нядрэннымі. Але калі глядзець на тэндэнцыю, то нават па валавых паказчыках малюнак выглядае ня лепшым. Летась ВУП вырас на 10%, а цяпер толькі на 8,4%. Прычым, нават сёлета з кожным кварталам тэмп росту ВУП памяншаецца.

Трэба адзначыць, што ў гэтым годзе складваюцца вельмі спрыяльныя вонкавыя ўмовы разьвіцьця беларускай эканомікі. Як і тры гады таму, істотна павялічыліся ўсясьветныя цэны на нафтапрадукты, чорныя мэталы ды іншыя сыравінныя тавары. Дарэчы, тады ў 2004 годзе ВУП павялічыўся на 11,4%.

Далей, хоць агульныя грашовыя даходы насельніцтва павялічыліся на 16,2%, заробкі й пэнсіі павялічыліся толькі на 10%.

Інвэстыцыі сапраўды павялічыліся й склалі сёлета каля 1 мільярда даляраў. Але львіную долю іх слала выплата “Газпрому” за акцыі “Белтрансгазу” (625 мільёнаў даляраў). Хутчэй расьце запазычанасьць нашых прадпрыемстваў за імпарт тавараў”.

Кастусь Скуратовіч: “Хацеў бы працягнуць размову пра зьнешнія чыньнікі разьвіцьця нашай эканомікі.

Наш асноўны эканамічны партнэр, Расея, знаходзіцца на пад’ёме. Таму захоўваецца рынак збыту для беларускіх тавараў. Прычым, фізычны аб’ём нашага экспарту ў Расею зьменшыўся, але ў грашовым вымярэньні экспарт павялічыўся.

Калі браць увесь замежны гандаль, то плянавалася, што станоўчае сальда будзе каля 500 мільёнаў даляраў, а атрымалася адмоўнае сальда ў таварах, каля 2,5 мільярдаў даляраў. Гэта азначае, што і прагнозы былі недакладныя, і ў эканоміцы адбываецца збой”.

Якая прычына нэгатыўных тэндэнцыяў?

Карбалевіч: “Сапраўды, у эканамічным разьвіцьці краіны відавочна ёсьць сур’ёзныя праблемы. Расьце адмоўнае сальда замежнага гандлю. Растуць цэны на тавары першай неабходнасьці. Павялічваюцца складзкія запасы гатовай прадукцыі. Як гэта можна пракамэнтаваць?”

Чубрык: “Галоўная адмоўная тэндэнцыя — запавольваньне росту інвэстыцыяў. Летась ён складаў больш як 30%, а цяпер — 15—16%. Таксама запаволіўся рост спажываньня ў хатніх гаспадарках.

Цяпер асноўнымі крыніцамі інвэстыцыяў (паводле тэмпаў росту) зьяўляюцца крэдыты банкаў, а раней — уласныя сродкі прадпрыемстваў і бюджэтныя грошы. То бок, эканоміка пачынае моцна залежаць ад стану банкаўскай сыстэмы, і гэта азначае — ад розных вонкавых шокаў.

Рост адмоўнага замежнагандлёвага сальда — натуральная, чаканая тэндэнцыя, бо павялічыліся цэны на газ.

Што тычыцца падвышэньня цэнаў на тавары першай неабходнасьці — гэта найперш б’е па малазабясьпечаных людзях. У суседніх Украіне, Польшчы, Літве харчаваньне каштуе таньней.

Гэтае падвышэньне цэнаў на тавары першай неабходнасьці адбываецца не таму, што расьце попыт. Гэта робіць урад адміністрацыйным шляхам — бо неэфэктыўна працуе нашая сельская гаспадарка й перапрацоўчыя прадпрыемствы харчовай галіны. Усё гэта сьведчыць пра фундамэнтальныя праблемы нашай эканомікі.

Нашы сельскагаспадарчыя прадпрыемствы вязуць цяпер свае тавары ў Расею ня толькі таму, што там вышэйшыя цэны на мяса й малако (гэта найперш тычыцца Масквы), але і таму, што там зь імі адразу разьлічваюцца”.

Скуратовіч: “Галоўная праблема нашай эканомікі ў тым, што яна мае невысокую канкурэнтаздольнасьць. Затраты на адзінку прадукцыі тут значна вышэйшыя, чым у разьвітых краінах.

Вялікая праблема з гэтым у перапрацоўчай вытворчасьці, якая патрабуе ўвесь час новых тэхналёгіяў. Напрыклад, Беларусь страчвае традыцыйныя пазыцыі ў галіне электронікі.

Вось складаная сытуацыя з тэлевізійнымі заводамі “Гарызонт” і “Віцязь”. Яны ладзяць зборку з замежнымі камплектнымі дэталямі й гатовымі вузламі. Але гэта ўжо другасны прадукт, які не знаходзіць попыту на замежных рынках”.

Які агульны вэктар разьвіцьця беларускай эканомікі?

Карбалевіч: “Дык вось, атрымліваецца цікавая сытуацыя. З аднаго боку, значныя посьпехі, пра што сьведчаць добрыя валавыя паказчыкі. Зь іншага боку, сур’ёзныя эканамічныя праблемы, якія нарастаюць. І як тут разабрацца ў гэтым?

Які агульны вэктар разьвіцьця беларускай эканомікі? Якая раўнадзейная тэндэнцыя тут назіраецца — да пагаршэньня ці да паляпшэньня?”

Чубрык: “Я б ня стаў цяпер вызначаць вэктару разьвіцьця беларускай эканомікі. Яна цяпер знаходзіцца ў пункце выбару. Улады павінны зрабіць выбар — куды рухацца.

Калі ня будзе рэформаў, захаваецца ранейшая палітыка, то сытуацыя ў эканоміцы будзе пагаршацца. Калі ж пачнецца лібэралізацыя эканомікі, то пагаршэньне будзе кароткатэрміновым, а потым пачнецца паляпшэньне”.

Скуратовіч: “Цяпер мы перажываем фазу стабілізацыі, якая бліжэй да стагнацыі, чым да нейкага прарыву. Нашая эканоміка трымаецца, бо суседзі й гандлёвыя партнэры цяпер на пад’ёме. То бок, яна выжывае ад спрыяльных вонкавых чыньнікаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG