Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага: “Улада мёртвай хваткай трымае ў руках тэлебачаньне”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 25 кастрычніка ў розныя гады.

“Зьвязда” ў 1927 годзе апавядае пра эўрапейскі тур беларускіх артыстаў: “Некалькі тыдняў таму назад сьпявачка Александроўская і цымбалісты Навіцкі прымалі ўдзел у міжнародным канцэрце ў Бэрліне. Зараз артыстыя знаходзяцца ў Галяндыі. Апошні канцэрт міжнароднай трупы артыстых адбудзецца ў Парыжы. Паводле атрыманых у Менску вестак Александроўская і Навіцкі вернуцца ў Беларусь у студзені. Выступленьні беларускіх артыстых за граніцай з народнай песьняй і музыкай выклікаюць вялікі інтарэс. Загранічны друк зьмяшчае аб гэтых выступленьнях добрыя водзывы”.

“ЛіМ” у 1947 годзе працягвае кампанію цкаваньня прафэсара А.Жэбрака: “Прэзідыум Акадэміі навук... лічыць правільным абвінавачанне А.Жэбрака ў антыпатрыятычным учынку, высунутае ў артыкулах, надрукаваных “Літаратурнай газетай” за 30 жніўня і газетай “Правда” за 2 верасня 1947 г. Прэзідыум Акадэміі навук, выказваючы сваё глыбокае абурэнне антыпартыйным учынкам А.Жэбрака і рэзка асуджаючы яго, прызнае, што такія паводзіны А.Жэбрака несумяшчальныя з высокім званнем, гонарам і абавязкам совецкага вучонага і лічыць немагчымым далейшае прабыванне А.Жэбрака на пасадзе прэзыдэнта Акадэміі навук БССР”.

Віктар Ганчар на гэтым тыдні 1997 году са старонак “Народнай волі” выказваецца гэткім чынам: “Беларуская эліта! Яе роля заключаецца ў тым, што яна мусіць, як і ў любой іншай дзяржаве, вызначаць цяперашні дзень і будучыню краіны. Таму, спадарства, увайдзіце ва ўладу, а потым адукоўвайце насельніцтва. Каб давесьці, напрыклад, якую шкоду нанесьлі краіне Лукашэнка і ягоныя “паплечнікі”, спатрэбяцца тры тэлевізійныя перадачы. І ў людзей расплюшчацца вочы, і прытым вельмі шырока. Цяперашняя ўлада гэта ведае, і таму мёртвай хваткай трымае ў руках тэлебачаньне, і яго нам ніколі не аддадуць”.
XS
SM
MD
LG