Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія апазыцыянэры зьбіраюцца ў Вільні


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ў Вільні пачынаецца двухдзённая міжнародная канфэрэнцыя ў справе Беларусі. Яе арганізатарамі выступаюць недзяржаўныя грамадзкія структуры Швэцыі й Літвы. У цэнтры дыскусіі будзе падрыхтоўка да чарговых выбараў у “Палату прадстаўнікоў”, якія згодна зь дзейным заканадаўствам маюць адбыцца ў другой палове 2008 году.

Аб узроўні гэтага форуму сьведчаць некаторыя імёны. У прыватансьці, асноўны дакладчык – былы міністар замежных справаў Літвы Антанас Валёніс. Цяпер ён дэпутат ад кіруючай кааліцыі, намесьнік старшыні парлямэнцкага камітэту ў эўрапейскіх справах.

Спрэчкі, а канфэрэнцыя пройдзе ў форме дыскусійнага клюбу, павядуць дзейныя парлямэнтары зь Літвы і Швэцыі, а таксама апазыцыйныя палітыкі зь Беларусі. Свае меркаваньні выкажуць экспэрты ў галіне выбарчых кампаніяў з трох названых краінаў.

Удзельнік сэмінару – старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька гаворыць, што добра было б правесьці ўсё гэта дзесьці ў Беларусі. Але пакуль – немагчыма, цьвердзіць партыйны лідэр:

“У Вільні – гэта праца. У Беларусі – гэта экстрым. Пачынаецца ўсё зь месца –дзе правесьці? Вось калі б міжнародны адукацыйны цэнтар у Менску даваў магчымасьць для правядзеньня канфэрэнцыяў, мы б, канечне, ёй скарысталіся. Нават ведаючы пра тое, што ў кустах ляжаць прадстаўнікі КДБ з біноклямі, якія і сочаць, і слухаюць. Але пакуль мы нават праблему месца ня можам вырашыць станоўча”.

Літоўскі парлямэнтар Вацлаў Станкевіч гаворыць, што ў ягонай краіне існуе вялікая зацікаўленасьць беларускімі справамі. Таму яго не зьдзіўляе, што ў Вільні часта праходзяць розныя мерапрыемствы па беларускай тэматыцы:

“А як жа?! Беларусь – суседняя краіна. І вельмі важна як для Эўразьвязу, так і для Літвы, каб дэмакратычныя працэсы былі й па-за межамі Эўразьвязу.

А чаму канфэрэнцыя ў Вільні? Ну, зразумела. Гэта ж усяго 180 кілямэтраў ад Менску. І нашым беларускім сябрам вельмі зручна сюды прыехаць. Літва, сапраўды, зацікаўленая, каб яны мелі добрыя ўмовы для працы. І яны іх тут маюць.

Але мне як чальцу літоўскага сойму, як палітыку вельмі падабалася б, калі б такія сэмінары праходзілі ў Менску. Гэта было б толькі на карысьць самой Беларусі. Трэба пераяжджаць у Менск”.

Сярод удзельнікаў канфэрэнцыі з беларускага боку – Сяргей Калякін, Анатоль Ляўковіч, Уладзімер Навасяд, Юры Хадыка, Алена Яськова ды іншыя.

Сваю цікавасьць да дыскусіі ў Вільні праявілі і дыпляматы, акрэдытаваныя ў Літве: “І чатыры зь іх – гэта самі амбасадары: Нарвэгіі, Ірляндыі, Фінляндыі і Нідэрляндаў”, – удакладняе Анатоль Лябедзька.

Гэта – ня першая канфэрэнцыя ў справе Беларусі ў Літве. Толькі сёлета ў Вільні прайшло каля двух дзесяткаў сэмінараў рознага ўзроўню, прысьвечаных сытуацыі ў Беларусі. Апошні буйны сэмінар, у прыватнасьці, адбыўся там у чэрвені. На ім таксама дамінавала выбарчая тэматыка.


• Лідэры дэмакратычных краінаў яднаюцца ў пытаньні дэмакратызацыі Беларусі, 5.05.2006
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG