Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лявон Вольскі: “Марш? На Бангалор я б лепш арганізаваў канцэрт “U2”


Аляксандар Уліцёнак, Менск Мы працягваем сэрыю ранішніх інтэрвію з грамадзкім рэдактарам тыдня – лідэрам гурту Н.Р.М., удзельнікам шматлікіх музычных праектаў Лявонам Вольскім.

Уліцёнак: “На “Эўрапейскім маршы” вас ня бачылі. Чаму?”

Вольскі: “Быў заняты: усё ж такі мушу аддаваць больш увагі сваёй дзейнасьці, якая таксама шмат у чым – я спадзяюся – адукоўвае людзей і прыводзіць іх да Беларушчыны. Да разьняволенасьці ўнутранай. Да Свабоды – хаця б унутранай...”

Уліцёнак: “Тым ня менш розныя чуткі пра марш чулі – што думаеце?”

Вольскі: “Трэба сесьці й выпрацаваць агульную дэмакратычную стратэгію. Не гуляцца ў налепкі. Не кіравацца традыцыйным – вось у нас Чарнобыльскі шлях, вось Марш свабоды, вось Дзень волі… Працягваюць кулакамі грукаць у мур, які становіцца ўсё больш умацаваным. Не, пара выпрацоўваць эксклюзіўную мэтодыку”.

Уліцёнак: “Вы – сярод куміраў моладзі, добра яе ведаеце. Што рабіць з новай хваляй, якая нараджаецца на вачох?”

Вольскі: “Пакінуць у свабодзе – даць яе болей і самі разьбяруцца, што рабіць”.

Уліцёнак: “На “Эўрапейскі марш” людзей сабралася малавата. Што, беларусы выдыхаюцца, ім не стае пары?”

Вольскі: “Моладзь па вялікім рахунку ўсё ж такі расчароўваецца ў традыцыйных апазыцыйных дзеяньнях. Моладзь хоча чагосьці новага…”

Уліцёнак: “Новыя формы” – занадта агульна гучыць. Вашыя, Лявон, канкрэтныя прапановы?”

Вольскі: “Магчыма, варта зьвярнуцца да нейкіх канкрэтных фундацыяў і запрасіць на плошчу Бангалор “U2”? І паглядзім, колькі людзей зьбярэцца на гэтым, так бы мовіць, апазыцыйным мерапрыемстве! Альбо пабачым, як адмовяць “U2” ва ўезьдзе або ў канцэрце – таксама будзе цікава.

На сур’ёзным узроўні ніхто гэтым не займаецца. Шкада… На жаль, на культуру і яе ролю мала зважаюць людзі, якія, скажам так, спансаруюць нейкія апазыцыйныя структуры”.

Уліцёнак: “Даруйце, а вам, менавіта Н.Р.М., дапамагалі?”

Вольскі: “Мы жывем на самаакупнасьці, нас ніхто ніколі не падтрымліваў. Калі ўпершыню ехалі ў Бэрлін, адзін з арганізатараў канцэрту пайшоў у фундацыю. Што ён пачуў? “А, гэта культура?! Канцэрт? Не-не-не! На гэта можам даць вельмі маленькую суму. Вось каб вы ладзілі якую палітычную канфэрэнцыю або нейкі сымпозыум, вы б тады лёгка атрымалі ў дзесяць разоў болей”.

Вельмі шкада, што ёсьць такая завядзёнка ў сьвеце.

Вось чым трэба займацца, на мой погляд. А не канфэрэнцыямі, сымпозыумамі і гэтак далей…”
XS
SM
MD
LG