Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Захар Шыбека: “Аўра сучаснага Менску мяне прыгнятае”


Валянціна Аксак, Менск Сёньня ў Нацыянальным музэі гісторыі і культуры Беларусі адбылася прэзэнтацыя кнігі Захара Шыбекі “Минскъ сто гадоў таму”. Сам аўтар назваў імпрэзу сустрэчай менчукоў, якія “любяць і шануюць свой горад”.

На вокладцы кнігі – менскі гарадзкі краявід канца ХІХ-пачатку ХХ стагодзьдзяў з прывабнай жаночай постацьцю ў цэнтры. Менавіта такі, не разбураны войнамі і бальшавіцкаю ўладай Менск, прапануе сваім чытачам Захар Шыбека.

Кніга – пра адзін з найлепшых пэрыядаў у гісторыі Менску, калі назіраўся эканамічны ўздым, рост дабрабыту, тэхнічны прагрэс, а людзі былі напоўненыя аптымізмам.

Пазнаёміўшыся з аптымістычнымі людзьмі і іхнымі марамі, сёньняшнія нашчадкі тых людзей, паводле спадара Шыбекі, магчыма, зноў захочуць жыць не на вуліцах імя зьнішчальнікаў гэтых радзінных скарбаў, а на тых, якія мелі свае даўнейшыя назвы – Падгорная, Францішканская, Дамініканская...

Як ацэньвае сучасную і ранейшую аўру Менску дасьледчык беларускае сталіцы стогадовае даўніны Захар Шыбека, аўтар кнігі “Мінскъ сто гадоў таму”? І як на яго ўплывае маштаб будаўніцтва і новыя архітэктурныя стылі ў старых менскіх кварталах?

На просьбу параўнаць аўру Менску сто гадоў таму і цяпер Захар Шыбека сказаў:

“Больш прыцягальная для мяне, канечне, аўра Менску стогадовае даўніны. Я неяк падсьвядома адчуў яе гармонію, сьветлы вобраз той атмасфэры, якая існавала ў горадзе тады. Асабліва ў 1908-1913 гадах, калі эканоміка была на пад’ёме, калі людзі былі напоўненыя аптымізмам і верай у будучыню. Гэта была натуральная аўра; натуральнае жыцьцё – рацыянальнае вельмі і ў той жа час духоўнае.

Калі параўноўваць з сучасным Менскам, то чым больш я вывучаю мінулае, тым усё менш сымпатычным мне становіцца вобраз цяперашняга Менску, і аўра яго мяне нават прыгнятае”.

Захар Шыбека лічыць, што адметнасьць беларускае сталіцы даўно зьнішчаная і цяпер горад забудоўваецца хаатычна, без уліку традыцыйных асаблівасьцяў і прынцыпаў эстэтыкі:

“Па законах горадабудаўніцтва пажадана захоўваць стылістыку і вобраз горада ў адпаведнасьці з той эпохай, калі ён будаваўся. Калі ён старажытны, значыць павінен гэты вобраз старажытны заставацца. Калі ён сярэднявечны, то гэта іншы горад. Калі ён новага і навейшага часу, пачатку індустрыялізацыі, то гэта зусім іншы вобраз. У адпаведнасьці з гэтым павінна быць і архітэктурная стылістыка новых будынкаў.

На жаль, у нас такая сытуацыя, што горад практычна цалкам разбураны даўно, і вярнуць нешта назад немагчыма. Але нават пры гэтым стане пажадана прытрымлівацца разнастайнасьці эпох. На самай справе, ігнаруюцца поўнасьцю архітэктурныя асаблівасьці, нічога няма ад нашай традыцыйнай архітэктуры і прынцыпаў эстэтыкі”.

Чым забудуюць Менск у бліжэйшую пяцігодку?, 24.10.2007 Менскім уладам прапанаваны альтэрнатыўны плян рэгенэрацыі цэнтру гораду, 26.09.2007
XS
SM
MD
LG