Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым забудуюць Менск у бліжэйшую "пяцігодку"?


Алесь Дашчынскі, Менск Як будзе выглядаць Менск у найбліжэйшай пэрспэктыве, улічваючы праекты, пачатае будаўніцтва і рэканструкцыю старой часткі гораду? Паводле незалежных экспэртаў, забудова сталіцы вядзецца хаатычна, бракуе архітэктурнай якасьці, і асаблівую трывогу выклікае гістарычны цэнтар.

Хто плаціць, той замаўляе будаўніцтва

Пра новабудоўлі ў Менску я даведаўся ў Камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва. Тут найперш занятыя “нарошчваньнем аб’ёмаў жыльля масавай спажывецкай якасьці”, а таксама гандлёвымі і офіснымі памяшканьнямі. У бліжэйшыя два-тры гады кожны мікрараён атрымае буйны гіпэрмаркет.

Праектуецца бізнэс-квартал удоўж праспэкта Незалежнасьці за Ўсходнімі могілкамі. Дзелавы цэнтар “Менск-сіці” разьмесьціцца на тэрыторыі аэрапорта “Менск-1”. Бізнэс-цэнтры вырастуць на вуліцах Няміга й Танка: на Танка зьявіцца 50-павярховы хмарачос. Пра лёс Нямігі расказвае начальнік упраўленьня архітэктуры і арганізацыі праектных працаў Аляксей Мартынаў:

“Гэта такое цікавае збудаваньне. Яно імітуе стылістыку 19 стагодзьдзя. Забудова тыпу Траецкага прадмесьця. Гэта будуць новыя будынкі. Старыя аднавіць у тым выглядзе, якімі яны былі, немагчыма цяпер”.

Спадар Мартынаў пацьвердзіў, што бальшыня аб’ектаў мае бізнэс-напрамак:

“Хто плаціць, той замаўляе музыку. Дзяржава і прыватны інвэстар, натуральна. Рынак актыўна ўмешваецца ў гэтыя працэсы”.

Яшчэ адзін з накірункаў забудовы – шматфункцыянальныя спартовыя комплексы, адзін зь якіх разьмесьціцца на вуліцы Арлоўская, дзе быў цырк шапіто. Таксама завяршаецца ўзьвядзеньне спарткомплексу “Менск-Арэна”.

Сярод культурніцкіх аб’ектаў спадар Мартынаў згадаў рэканструкцыю шматзалевага кінатэатра “Беларусь”, пашырэньне моладзевага тэатру і глябальную працу ў Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе. Адносна аднаўленьня Менскага замчышча спадар Мартынаў сказаў:

“Толькі намацваем цяпер. Ідзе пачатковае праектаваньне, дасьледаваньне. Вельмі складаная, шматгранная тэма для культуры наогул”.

Карэспандэнт: “А што там будзе, на гэтым месцы?”

Мартынаў: “Пакуль ня ведаем, розныя ёсьць варыянты. Ідзе творчае намацваньне, як гэта ўсё зрабіць”.

“Шкада, што ўсё меней застаецца кавалачкаў старога Менску”

Архітэктар Лявонцій Зданевіч занепакоены адсутнасьцю дзяржаўнай палітыкі адносна помнікаў архітэктуры:

“Я не задаволены такімі пабудовамі, якія ўзьнікаюць. Напрыклад, гандлёвы цэнтар “Эўропа” на Бангалоры. Калі шмат шкла, і невядома навошта. Я не задаволены, што вырашылі вакзал зьнесьці, стары будынак касаў, і зрабіць там абсалютна невыразную шкляную баначку. Шкада, што ўсё меней застаецца кавалачкаў старога Менску. Вельмі шмат размоваў пра тое, што ім займаюцца, а яго застаецца ўсё меней. Гэта ж факт”.

“Найбольш праблемная частка – гістарычны цэнтар”

Уладзімер Папруга – аўтар альтэрнатыўнага праекту рэканструкцыі гістарычнай часткі Менску. Пасьля шматлікіх захадаў старшыні Беларускага таварыства аховы помнікаў гэты праект у верасьні перададзены ў Менгарвыканкам. Спадар Папруга мяркуе, што праз пэўны час давядзецца зноў зьвяртацца ў адміністрацыю прэзыдэнта. Ён занепакоены архітэктурнай якасьцю новабудоўляў у Менску:

“Горад – гэта жывы твор, які пішацца кожным пакаленьнем. Калі архітэктурная якасьць забудовы рэзка абмяжоўваецца, то, фактычна, абмяжоўваюць і культурны ўзровень, і іміджавы фактар сталіцы. Сёньня ідзе такое фрагмэнтарнае запаўненьне нейкіх лякунаў. Усё гэта робіцца вельмі хаатычна, неарганізавана. Найбольш праблемная частка – гэта гістарычны цэнтар. Бо ўсё, што тут будуецца – будуецца зь вельмі выразным парушэньнем дзейнага заканадаўства аховы гісторыка-культурнай спадчыны і дзейных горадабудаўнічых нарматываў. З гэтым менчукі яшчэ доўга будуць мець праблему пасьля, дзякуючы сучаснай выканаўчай гарадзкой адміністрацыі”.

Найбольш скандальным аб’ектам у старой частцы Менску спадар Папруга называе ўзьвядзеньне шматпавярховай транспартнай паркоўкі на Нямізе:

“У дагон за гэтым аб’ектам пачалося тое бязьмежжа, якое цяпер назіраецца ў гістарычным цэнтры. У гэтым рэжыме паўстае цяпер будоўля на горцы, Гандлёвая, 27. Стары арыгінальны дамок зруйнавалі, на яго месцы зрабілі макецік. Там цяпер інвэстарам зьяўляецца Расейская праваслаўная царква, яны там будуюць нейкі сэмінарскі комплекс. Наступны аб’ект – гэта Кірыла і Мэтода, 6 і 8. Гэтыя дамкі таксама будуць руйнавацца і на іх месцы будуць паўставаць элегантныя копіі з сучаснага матэрыялу. Гатэль “Эўропа”, які паўстаў – усе гэтыя аб’екты зроблены ня так, як трэба, а з грубейшымі парушэньнямі ўсяго таго, што ўсюды называецца абыходжаньне з гісторыка-культурнымі аб’ектамі. У гэтым сэнсе мы наперадзе плянэты ўсёй”.

Менскім уладам прапанаваны альтэрнатыўны плян рэгенэрацыі цэнтру гораду, 26.09.2007 Акадэмік Вальмен Аладаў: “Нямігу мы ўжо страцілі…”, 17.01.2007
XS
SM
MD
LG