Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр моладзі АГП А.Шумкевіч: мы больш рацыянальныя за “Малады фронт”


Вольга Караткевіч, Прага Госьць "Начной Свабоды" – новы кіраўнік моладзевай філіі АГП Аляксандар Шумкевіч.

Караткевіч: “Чаму вы вырашылі балятавацца на пасаду кіраўніка "Маладых дэмакратаў"?”

Шумкевіч: “Я адчуваю падтрымку людзей. Думаю, што ў мяне ёсьць якасьці, якія дапамогуць пабудаваць працаздольную каманду, якая будзе лідэрам беларускага моладзевага руху”.

Караткевіч: “У нас было шмат гасьцей у эфіры, і вельмі шмат палітыкаў – з большым, зь меншым стажам... Вы, на маёй памяці, першы, хто сказаў, што ў мяне ёсьць набор якасьцяў, якія мне дапамогуць стаць лідэрам. А якія якасьці вы б адзначылі?”

Шумкевіч: “Найперш – мэнэджэрскія якасьці. Мне здаецца, я магу арганізаваць працу, каб яна была эфэктыўная і прыносіла пэўны плён”.

“На нашых паседжаньнях беларуская мова прысутнічае”

Караткевіч: “Вы зьбіраецеся рэгістраваць сваю арганізацыю?”

Шумкевіч: “Мы – моладзевая філія АГП, наша арганізацыя ўтварылася ў 1997 годзе, але тры гады таму была пазбаўлена рэгістрацыі. І вось да нядзелі мы фактычна дзейнічалі як незарэгістраваная арганізацыя, але зараз юрыдычна зьяўляемся маладзёвай арганізацыяй АГП, і праблемы з рэгістрацыяй у нас няма, таму што мы ўжо зарэгістраваныя”.

Караткевіч: “Пасьля вашага абрананьня на пасаду кіраўніка “Маладых дэмакратаў” вы адзначылі сярод першых задач арганізацыю вулічных акцый. Якая розьніца паміж "Маладым фронтам" і "Маладымі дэмакратамі"?”

Шумкевіч: “Розьніца тут, канечне, ёсьць. Я б зазначыў, што моладзь "Маладога фронту" зьяўляецца больш эмацыйнай, дык у нашай арганізацыі прысутнічае больш рацыянальны падыход. Я лічу, што гэтыя эмацыйныя якасьці, калі людзі адчуваюць падтрымку сваіх сяброў – вельмі важныя, і мы будзем імкнуцца працаваць у гэтым напрамку”.

Караткевіч: “Пытаньне, якое хвалюе слухачоў "Свабоды" – пытаньне мовы. Ці вядуцца вашы паседжаньні на беларускай мове?”

Шумкевіч: “На нашых паседжаньнях беларуская мова прысутнічае, але ў нас шмат сябраў, якія слаба валодаюць мовай, і прыходзіцца зь імі размаўляць па-расейску”.

Караткевіч: “А плянуецца неяк падвысіць іхны ўзровень мовы? Паколькі вы – прадстаўнікі лібэральнай партыі, вы за выкананьне Канстытуцыі, то нейкая культурная праца па захаваньні дзьвюх дзяржаўных моваў будзе?”

Шумкевіч: “Я лічу, што гэта неабходна, магчыма, мы будзем працаваць над гэтым. Я сам лічу беларускую сваёй роднай мовай і хацеў бы лепш яе ведаць і ўвесь час на ёй размаўляць”.

“Калектыўнае кіраваньне прадугледжвае меншую колькасьць памылак”

Караткевіч: “Ці адназначна вы падтрымліваеце неабходнасьць калектыўнага кіраваньня ў Аб''яднаных дэмакратычных сілах (гэта была пазыцыя кіраўніка АГР Анатоля Лябедзькі)? І як вы ставіцеся да тэзы А.Мілінкевіча, што лідэр у апазыцыі павінен быць адзін?”

Шумкевіч: “Я лічу, што калектыўнае кіраваньне прадугледжвае меншую колькасьць памылак пры прыняцьці пэўных рашэньняў. І такая форма кіраваньня на цяперашні час больш адлюстроўвае рэаліі сёньняшніх дзён. Я ўпэўнены, што і АДС, і А.Мілінкевіч лічаць, што будучая сыстэма ў Беларусі – гэта парлямэнтарызм, а не прамое прэзыдэнцкае кіраваньне. Я таксама так лічу”.

АПЫТАНЬНЕ: “Ці хацелі б вы ўплываць на жыцьцё ў краіне? І ў якой галіне?”



Шумкевіч: “Можна зазначыць, што большасьць людзей цікавіць эканамічны бок палітычнага жыцьця. Таму яны гавораць пра падвышэньне цэн, пра малыя пэнсіі, малыя заробкі. Вось гэта вельмі важны працэс, які зараз ідзе, калі эканамічны ўзровень грамадзян паніжаецца, і гэта прымушае іх думаць пра палітыку – можа, там што ня так?”

Караткевіч: “Калі казаць пра апазыцыйны палітычны лягер – ці сапраўды на зьмену прыходзяць маладыя лідэры, як пра гэта гавораць палітыкі старэйшага пакаленьня, ці ўсё ж маладыя актывісты застаюцца фонам, ці дзейнічаюць паралельна са старым пакаленьнем палітыкаў?”

Шумкевіч: “Мне здаецца, што маладыя насамрэч прыходзяць, але цяжка ім прабіцца, таму што існуюць такія стэрэатыпы, што гэта такая галіна, дзе прабіцца вельмі складана. Але ж такія лідэры ёсьць”.

Караткевіч: “Каго б вы адзначылі?”

Шумкевіч: “Я магу адзначыць кіраўнікоў маладзёвых арганізацыяў – напрыклад, Алеся Каліту, зь якім мы цесна супрацоўнічаем, ладзім сумесныя акцыі, праекты”.

“Веру ў палітыку, у якой няма бруду, і ў гармонію розуму і сэрца”

Караткевіч: “Вы як геоляг праходзілі практыку ў Салігорскіх шахтах. Якія былі вашы ўражаньні ад умоваў працы шахтароў?”

Шумкевіч: “Мне складана параўноўваць іх умовы працы з шахтарамі іншых краінаў, Нямеччыны ці Польшчы, там я ў шахтах ня быў, але гэта цяжкая праца. Шахтары могуць ісьці на пэнсію ў 38 год, але яны не ідуць, таму што гэта даволі прыбытковая праца, і вельмі вялікая канкурэнцыя. Наконт уражаньняў – па сваёй спэцыяльнасьці я шмат дзе быў, не сказаў бы, што салігорскія шахты зьяўляюцца нейкімі асаблівымі”.

Караткевіч: “Вы шмат часу праводзіце ў інтэрнэце, знаёміцеся зь людзьмі. Якое самае цікавае знаёмства?”

Шумкевіч: “Асноўны час я праводжу на форумах, атрымліваю інфармацыю, чытаю інтэрнэт-выданьні розных краін. Пра знаёмствы – гэта ўсё інтэрнэт-карыстальнікі, тут асаблівай пэрсаналізацыі няма”.

Караткевіч: “Як бы вы адказалі на пытаньне – як яшчэ, апрача як бульбашом, можна назваць беларуса?”

Шумкевіч: “Бульбаш” гучыць для мяне неяк абразьліва, я ня буду прудмваць тут нейкую новую мянушку, я лепей буду называць бульбашоў беларусамі”.

Караткевіч: “У што вы верыце?”

Шумкевіч: “У сьветлыя і сапраўдныя помыслы, у жыцьцё, у тым ліку і палітычнае, у якім няма бруду. Веру ў гармонію розуму і сэрца”.

У Аб’яднанай грамадзянскай партыі вырасла моладзевае крыло, 22.10.2007 "Начная аБЛОГа", 6 жніўня, 6.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG