Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 24 кастрычніка


Зьміцер Падбярэскі, Менск Агляд беларускага сеціва

На форуме парталу tut.by камэнтуюць прыняцьце праекту закону аб амністыі. Julia_Milosskaya адзначае: “Ну ўсё, канец! Зноў падрасьце колькасьць злачынстваў, гэта ж столькі зэкаў выйдзе, палова зь іх у Менску асядзе. Карацей, па вечарах не гуляць..." zip-2007: “Дэпутаты толькі прынялі праект закону, а прэзыдэнт ужо вызваліў ад крымінальнай адказнасьці 22 чалавекі ў адпаведнасьці з гэтым законапраектам". Klin_FC: “Верыў, што ў турме сядзяць толькі закаранелыя зэкі... Калі пасадзілі майго сваяка проста за подпіс на дакумэнтах, якія ён мусіў падпісаць у любым выпадку, я зразумеў, што ня ўсё так проста ў нашай сыстэме правасудзьдзя... Таму спадзяюся на амністыю, неістотна, што быдла павылазіць, галоўнае, што выйдзе колькі добрых людзей".

Там жа камэнтуецца прыняцьце Палатай прадстаўнікоў у першым чытаньні праекту закону "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі". rewer80 задаецца пытаньнем: “Цікава: а ці размаўляе на беларускай хоць адзін чалавек з тых, што прымалі закон?" Лукеист: “На беларускім чыгуначным вакзале думаеце, на якой мове напісана "Праход да паяздоў". sombra: “Відавочна, гэта Радзькоў напісаў паводле новых правілаў". shparki : “У нас двухмоўе. Калі рэфармуюць адну мову, дык няхай рэфармуюць і другую. А то нейкая дыскрымінацыя расейскай мовы атрымліваецца".

На Сайце водгукаў, ідэй і прапаноў нехта бяз подпісу раіць тэлеканалу АНТ: "Найміце на працу адукаванага рэдактара! Немагчыма бачыць граматычныя ды сынтаксычныя памылкі. Адна з апошніх: “Праграма (ці нешта іншае), якую чакалі ўсе”. Перад "якую" коскі не было. А тых, хто выпускае ў эфір рэкляму тыпу "курынасьць у супу зьявілася", хочацца прыдушыць".

Сайт Хартыі''97 са спасылкай на РІА “Новости” сёньня паведамляе: "Злучаныя Штаты з гэтага часу будуць змагацца з спробамі замежных краін цэнзураваць Інтэрнэт альбо абмяжоўваць доступ да яго. Адпаведны закон «Акт аб глябальнай свабодзе ў Сеціве» (Global Online Freedom Act) адзінагалосна ухваліў камітэт Кангрэсу ў міжнародных справах. Адзін з шасьці ініцыятараў законапраекту, кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт заявіў, што кампаніі, якія прадстаўляюць паслугі Інтэрнэту, не павінны супрацоўнічаць з уладамі "рэпрэсіўных краін" у мэтах сочкі за дэмакратычнымі актывістамі. Паводле новага закону, у ЗША будзе складзены сьпіс краін, якія абмяжоўваюць карыстаньне Інтэрнэтам. З моманту ўступленьня дакумэнта ў сілу ў гэты сьпіс павінны быць уключаныя Беларусь, Куба, Этыёпія, Іран, Лаос, КНДР, Кітай, Туніс і В''етнам.

Адпаведны закон ухваліў у сераду амэрыканскі Кангрэс. Дакумэнт атрымаў назоў "Акт аб глябальнай сеткавай свабодзе" і быў ухвалены аднагалосна... Паводле новага закону, у Амэрыцы будзе створаны сьпіс краінаў, якія абмяжоўваюць карыстаньне Інтэрнэтам". З моманту набыцьця дакумэнтам сілы ў гэты сьпіс могуць быць уключаныя Беларусь, Куба, Этыёпія, Іран, Лаос, КНДР, Кітай, Туніс і Віетнам.

Сайт блог Горадні абвясьціў вынікі конкурсу ў рамках кампаніі “Журналісты за гістарычную спадчыну”, які нядаўна завяршыўся пад патранажам “Беларускай асацыяцыі журналістаў”. Свае ацэнкі ўдзельнікам выставілі журы і наведвальнікі старонкі конкурсу. Удзел у ім прынялі 35 аўтараў з усіх куткоў Беларусі, былі прадстаўлены 87 парцаў. Лепшым прызнанае фота Дзьмітрыя Вінчэўскага “Экскаватарная рэканструкцыя”.

Цягам вось ужо некалькіх дзён блогер Ліпковіч ва ўласным дзёньніку актыўна высьвятляе ў самых розных інстанцыях, чаму з продажу зьнік абястлушчаны кефір. Блогер піша: “Сытуацыя на пэўных сэгмэнтах (абястлушчаныя малочныя прадукты) толькі пагаршаецца. Ня хочуць малаказаводы працаваць ва ўбытак. І зразумела, што вытворчыя лініі, як па ўзмаху чарадзейнай палачкі, зламаліся ва ўсіх вытворцаў ва ўсіх рэгіёнах адначасна і адрамантуюцца толькі тады, калі кошты будуць іх задавальняць. Ну што ж, буду зноў званіць у Міністэрства эканомікі. Што цікава: у Міністэрстве аховы здароўя быў атфутболены ад галоўнага тэрапэўта да Галоўнага эндакрыноляга, якая павінна была напісаць Галоўнаму тэрапэўту запіску па праблеме зьнікненьня абястлушчанага кефіру з продажу. Але галоўны эндакрыноляг, дай ёй Бог здароўя і добрага мужыка ў навуковыя кіраўнікі, на бальнічным і зьявіцца толькі праз 10 дзён".

Блогер agafon-bel ва ўласным дзёньніку заняўся матэматычнымі падлікамі: колькі будзе каштаваць кампутарны манітор пасьля ўвядзеньня новых мытных тарыфаў? І вось што ў яго атрымалася: “Аптовы кошт манітору ў Маскве 200 даляраў. Мытны збор — 110 эўра ці адпаведна цяперашняму курсу 156 даляраў. Усяго $356. Аптовая надбаўка 10% ці $35,6, усяго $391,6. ПДК 18% ці $70,5, усяго $462,1. Розьнічная надбаўка 10% ці $46,2, усяго $508,3. Падаходны падатак 20% (у сярэднім) ад розьнічнай надбаўкі ці $9,2, усяго $517,5. Падатак з продажу 15% ці $77,6, усяго $595,1. Сюды ня ўключаны такія дробязі, як транспартны збор, збор за інфраструктуру, арэнда гандлёвага памяшканьня і г.д. Карацей, таньней за 600 баксаў легальны манітор каштаваць ня будзе".
XS
SM
MD
LG