Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз запросіць на працу высокакваліфікаваных спэцыялістаў


Юрась Бушлякоў, Прага Эўрапейская камісія выступіла з прапановаю распачаць кампанію для залучэньня ў краіны Эўразьвязу высокакваліфікаваных спэцыялістаў. Праграма “Сіняя карта” мае забясьпечыць апэратыўны разгляд заяваў ад магчымых імігрантаў і наданьне запрошаным на працу спэцыялістам тых самых правоў, якія маюць грамадзяне краінаў Эўразьвязу.

Эўрапейская “сіняя карта” (“Blue Card”) ствараецца на ўзор амэрыканскай “зялёнай карты” (“Green Card”), аднак мае больш абмежаваны характар. На “сінюю карту” змогуць прэтэндаваць толькі кваліфікаваныя спэцыялісты – яны будуць запатрабаваныя ў краінах Эўрапейскага Зьвязу перш за ўсё на высокатэхналягічных вытворчасьцях. “Сінюю карту” будуць выдаваць на пэўны час, яна ня будзе аўтаматычна даваць яе ўладальніку магчымасьць жыць і працаваць у любой краіне Эўрапейскага Зьвязу.

У Страсбуры пра новую ініцыятыву Эўразьвязу паведаміў прэзыдэнт Эўрапейскага камісіі Жазэ Мануэл Барозу:

“Сіняй картаю” Эўрапейскага Зьвязу мы пасылаем ясны сыгнал: мы сардэчна запрашаем высокакваліфікаваных людзей з усяго сьвету ў Эўразьвяз. Дазвольце мне патлумачыць гэта. Я не абвяшчаю сёньня, што мы адчыняем дзьверы для 20 мільёнаў высокакваліфікаваных спэцыялістаў. “Сіняя карта” – гэта не незапоўнены чэк. Гэта ня права на ўезд, гэта дыктаваны патрэбамі падыход і агульная эўрапейская працэдура”.

Барозу падкрэсьліў, што дзяржавы Эўразьвязу павінны будуць вызначыць колькасьць імігрантаў, якой можна было б прапаноўваць “сінюю карту”. Увогуле, ініцыятыву “сіняй карты” яшчэ павінны ўхваліць дзяржавы Эўрапейскага Зьвязу – пакуль што гэта толькі прапанова Эўрапейскай камісіі – выканаўчага органу Эўразьвязу.

Эўрапейская камісія выходзіць з прапановаю, спрабуючы павысіць канкурэнтаздольнасьць Эўразьвязу на рынку працоўных месцаў: цяпер іншыя высокаразьвітыя краіны сьвету апярэджваюць дзяржавы Эўрапейскага Зьвязу паводле колькасьці запрошаных на працу замежных кваліфікаваных спэцыялістаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG