Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Які можа быць нацыяналізм, калі яшчэ няма нацыянальнай сьвядомасьці?”


Сяргей Астраўцоў, Горадня Ці існуе розьніца паміж нацыяналізмам і патрыятызмам? На гэтае пытаньне адказвалі гарадзенцы.

Сталы спадар: “Гэта вельмі блізкія паняцьці — патрыятызм і нацыяналізм. Ён павінен быць у нацыі —разам з патрыятызмам і нацыяналізм, але ўмеркаваны нацыяналізм”.

Дзяўчына: “Можна быць патрыятычным чалавекам, нават не нарадзіўшыся ў гэтай краіне. Пражыўшы толькі два-тры гады, можна быць патрыётам краіны. А нацыяналізм, мне здаецца, болей мае адносінаў да палітыкі. Дапусьцім: ты беларус, ты павінен быць беларусам, адпавядаць гэтаму паняцьцю, штосьці такое”.

Дзяўчына: “Патрыятызм — гэта калі чалавек аддаецца сваёй краіне, калі любіць толькі сваю краіну, ва ўсім яе падтрымлівае, любіць усіх артыстаў, спартсмэнаў. Толькі нашая краіна, самая найлепшая краіна. А наконт нацыяналізму, гэта калі — вось мы беларусы — самыя лепшыя, а астатнія нацыі — горшыя, можа быць у гэтым сэнсе”.

Сябра дзяўчыны: “Мне здаецца, розьніца ёсьць. Патрыятызм — гэта любоў да радзімы, калі хвалюе яе лёс, а нацыяналізм — гэта больш жорсткае стаўленьне да іншых нацый”.

Сталы спадар: “А для мяне нацыяналізм, гэта — дзе я жыву — там мая радзіма. У Беларусі я быў да 1949 году, зьехаў калі малым яшчэ быў, а потым вярнуўся сюды ў 1982 годзе і задаволены”.

Спадар: “Гэта, канешне, розныя рэчы. Дапусьцім, нацыяналізм залежыць ад чалавека, які яго трактуе, бо яго можна прадставіць як са станоўчага боку, так і з адмоўнага”.

Дзяўчына: “У чым адрозьненьне — канкрэтна сказаць цяжка. Я думаю, што хутчэй нацыяналізм — зь нейкімі адмоўнымі рысамі, а патрыятызм ужо са знакам “плюс”.

Малады спадар: “Ня ведаю, па-мойму, можна проста любіць месца, дзе ты знаходзісься, а ўсё астатняе — лухта”.

Маладая спадарыня: “Розьніца такая, як мне падаецца: я люблю сваю радзіму і, дзякуй Богу, яшчэ ведаю сваю мову, але разам з тым я ня супраць, каб тут жылі людзі іншых нацыянальнасьцяў і канфэсій. У мяне такой скрайняй думкі, такога нацыяналізму няма: што тут усе павінны быць беларусамі”.

Спадар: “Розьніца, безумоўна, ёсьць. Патрыятызм першапачаткова гэта сьвятое паняцьце, гэта каханьне да зямлі, дзе ты нарадзіўся. Нацыяналізм —гэта выпячваньне, перавышэньне ролі сваёй нацыі. У беларусаў гэта цалкам адсутнічае. Пра які можна нацыяналізм гаварыць, калі яшчэ не сфармавалася нацыянальная сьвядомасьць?”
XS
SM
MD
LG