Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка павінен папрасіць прабачэньня за свае словы пра габрэяў…”


Міхал Карневіч, Горадня Вялікі розгалас і ў Беларусі, і за мяжой выклікала выказваньне Аляксандра Лукашэнкі наконт габрэяў, якое прагучала 12 кастрычніка падчас прэсавай канфэрэнцыі перад расейскімі журналістамі. Словы Лукашэнкі асудзілі як антысэміцкія шэраг палітыкаў Эўрапарляменту, Рады Эўропы, ЗША й іншых краінаў. Ці лічыце вы, што прэзыдэнт Беларусі павінен папрасіць прабачэньня за свае выказваньні пра габрэяў? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да мінакоў на вуліцах Горадні.

Спадарыня: “Няма сумневу – павінен папрасіць прабачэньня, паколькі тое, што я асабіста бачыла па тэлевізару, мяне вельмі абурыла”.

Спадар: “Ён, як прэзыдэнт, не павінен быў наагул казаць такое”.

Хлопец: “Я думаю, што павінен папрасіць прабачэньня, паколькі гэтыя выказваньні выклікалі міжнародны розгалас. А, наагул, ня хочацца, каб розныя міжнародныя скандалы былі зьвязаны з нашай краінай”.

Хлопец: “Усё ж павінен папрасіць прабачэньня: зараз жа на вуліцы не фашызм, а ён – ня Гітлер. І чаму ён павінен так ненавідзець габрэяў, ды яшчэ казаць, што пры іх быў брудным горад”.

Спадар: “Не павінен ён прабачацца. Ня ведаю чаму, але не павінен”.

Ягоны сябра: “А чаго ён павінен прабачацца, мне здаецца, у Беларусі добрае жыцьцё”.

Карэспандэнт: “За сваё выказваньне...”

Спадар: “Не, не павінен. У кожнага чалавека павінен быць свой пункт погляду. Ён сказаў і гэтым самым выказаў свой пункт погляду. У нашай краіне кожны можа мець свае погляды. Ды й калі ён памыляўся? Ды ніколі”.

Дзяўчына: “Думаю, варта яму перапрасіць, гэта ж яўная дыскрымінацыя іншага народа”.

Дзяўчына: “Ой, варта яму прасіць прабачэньня й, наагул, нельга сябе так паводзіць”.

Спадар: “Для яго ж будзе лепш, калі папросіць прабачэньня”.

Спадар: “Мне здаецца, што не павінен прасіць прабачэньня. Ён выказваў свой пункт погляду й афіцыйна нікога не пакрыўдзіў. Іншая справа, што часам трэба быць больш уважлівым да сваіх словаў, бо гэта дастаткова тонкая матэрыя. А так ён выказаўся не як афіцыйная асоба й не ў афіцыйных дакумэнтах”.

Карэспандэнт: “Ён публічна заявіў гэта на прэс-канфэрэнцыі...”

Спадар: “На прэс-канфэрэнцыях бываюць розныя рэчы й потым гэта па-рознаму падаецца, у розных аспэктах, а ў матэрылізаваным сьвеце насамрэч выглядае па-іншаму. Гэта я ведаю, як дасьледчык. І другое. Калі б людзі хацелі даведацца да канца, пра што казаў прэзыдэнт, яны маглі задаць другое пытаньне, каб паглядзець на рэнтгенаскапіі погляды дзяржаўнага дзеяча. Але...”

Дзяўчына: “Мне здаецца, ня трэба паддавацца эмоцыям, а трэба ведаць, пра што ты кажаш, разьлічваць свае словы, каб потым не ўзьнікала сытуацыі: трэба прасіць прабачэньня альбо не”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG