Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці трапяць пад амністыю палітычныя вязьні?


Уладзімер Глод, Менск Сёньня Палата прадстаўнікоў адразу ў двух чытаньнях прыняла закон аб амністыі. Паводле падлікаў экспэртаў, на волю выйдуць прыкладна 2550 чалавек. Але каб гэты закон пачаў дзейнічаць, яго яшчэ павінны ўхваліць Савет Рэспублікі і падпісаць кіраўнік дзяржавы. Пасьля гэтага, як заявіў з парлямэнцкай трыбуны міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў, “на рэалізацыю закону даецца паўгода”.

Сёньня дэпутатаў, якія ішлі на паседжаньне, на плошчы Незалежнасьці сустракалі іх калега з мінулага скліканьня Сяргей Скрабец і дачка былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна – Вольга. Яны прапаноўвалі парлямэнтарам кніжку “Вязень прэзыдэнта” аб лёсе спадара Казуліна.

Сяргей Скрабец, распавядае што праз нейкі час яго і Вольгу Казуліну вымусілі пакінуць плошчу:

“Нас выгнала служба бясьпекі прэзыдэнта. Да мяне падышлі яе супрацоўнікі і спыталіся: “Чаму вы распаўсюджваеце тут кніжкі?”. Я ім адказаў: “Я – былы дэпутат і сустракаюся тут са сваімі калегамі”. А яны мне кажуць: “Гэтага рабіць нельга”.

Ці ўзяў хто-небудзь з дзейных дэпутатаў кнігу? Сяргей Скрабец гаворыць, што, прыкладам, Сяргей Гайдукевіч, Міхаіл Орда, Уладзімер Баршчоў адмовіліся:

“Многія дэпутаты ад кнігі хаваліся, зьбягалі. Але былі і такія, якія бралі і нават казалі, што кніга цікавая. А я ім казаў, каб яны сваім выбарцам у акрузе праўду гаварылі”.

Абмеркаваньне закону аб амністыі доўжылася больш за гадзіну. Аднак прозьвішча Аляксандра Казуліна ці кагосьці зь іншых палітвязьняў у Авальнай залі не згадвалася. Ці патрапяць яны пад амністыю?

Паводле новага закону, каб выйсьці на волю, трэба выканаць некалькі ўмоваў – па-першае, цалкам кампэнсаваць нанесеныя дзяржаве матэрыяльныя страты, па-другое, адбыць ня менш траціны тэрміну пакараньня на дзень уступленьня ў сілу закону, і па-трэцяе, тэрмін пакараньня вязьня ня можа перавышаць шасьці гадоў зьняволеньня. Да таго ж, пад амністыю не трапляюць асобы, пакараныя за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы.

У законе аб амністыі таксама адзначаецца, што яна ня будзе распаўсюджаная на тых асобаў, якія “злосна парушаюць парадак знаходжаньня ў месцах пакараньня”. Менавіта на гэта зьвяртае ўвагу Сяргей Скрабец, які раней адбываў пакараньне ў калёніі. Былы вязень лічыць, што гэты параграф закону дае ўладам магчымасьць маніпуляваць лёсам вязьняў, асабліва палітычных: кагосьці -- караць, а кагосьці – мілаваць.

Спадар Скрабец тлумачыць, што паводзіны вязьня адміністрацыя турмы альбо калёніі вызначае заўвагамі:

“А гэтыя заўвагі можна рабіць літаральна кожную хвіліну – за тое, што сядзеў на ложку, за тое, што быў бяз фэскі (гэта такі галаўны ўбор у месцах зьняволеньня), нават за не зашпілены гузік на кашулі. Вось за гэткі гузік Казуліну ўжо аж тры парушэньні налічылі. Заўвагі – гэта такая дубіна, што ўсіх трымае ў страху”.
XS
SM
MD
LG