Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага: “Аднак ні масавыя арышты, ні ператрусы,.. ня могуць спыніць хвалю масавага супраціву”.


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Новая перадача сэрыі "Цытаты мінулага" Пра што пісалі беларускія газэты 24 кастрычніка ў розныя гады мінулага.

На старонках “Беларускай Крыніцы” на гэтым тыдні 1927 году нехта за ініцыяламі Фр.Кр. піша зь Нямеччыны: “Варункі эміграцыйнага жыцьця беларускага студэнцтва маюць той добры бок, што тая маленечкая колькасьць нашага студэнцтва, якая ўважна студыюе рост беларускага друкаванага слова, усё мае пад рукамі. Тую кніжку, якую ў Вільні не найдзеце, заграніцай лёгка можна дастаць. Маю тут пад рукой сьпісак часопісяў, якія друкаваліся 3 месяцы таму назад у нашай мове. Лічба іх будзе 60... Апошнім часам лік беларускіх часопісяў павялічыўся”.

У 1977 годзе пад рубрыкай “Тыдзень плянэты” “Вечерний Минск”адзначае: “Адкрытая расісцкая палітыка, якую праводзяць ізраільскія акупанты датычна насельніцтва акупаваных арабскіх тэрыторыяў, ператварыла Ізраіль у паліцэйскую дзяржаву. Кіраўнікі Тэль-Авіву не пагарджаюць любымі формамі тэрору, спрабуючы сілай задушыць барацьбу арабскага насельніцтва за ўласныя правы. Аднак ні масавыя арышты, ні ператрусы, ні жорсткае абыходжаньне з насельніцтвам захопленых раёнаў ня могуць спыніць хвалю масавага супраціву, якая ўвесь час расьце”.

“Неверагоднае адкрыцьцё падчас вялікага апытаньня зрабіла вядомая сацыялягічная група Давіда Ротмана, — піша на гэтым тыдні 1997 году “Имя”. — Вынікі сьведчаць, што ўсенародна абраны прэзыдэнт Беларусі А.Лукашэнка адыграў у лёсе сваёй роднай краіны адмоўную ролю на 70% большую, чым Адольф Гітлер (Лукашэнка — 7,0%, Гітлер — 4,1%). Цікава таксама, што такую ж адмоўную ролю адыгралі Л.Берыя, Л.Цанава і... С.Шарэцкі (0,2% кожны). Безумоўна, гэта дробязь на фоне такіх вядомых нягоднікаў, як М.Гарбачоў (14,4%) і С.Шушкевіч (13,9%)”.
XS
SM
MD
LG