Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – прэзэнтацыя кнігі З.Шыбекі “Минскъ сто гадоў таму”


Валянціна Аксак, Менск Сёньня ў Нацыянальным музэі гісторыі і культуры Беларусі адбудзецца прэзэнтацыя кнігі Захара Шыбекі “Минскъ сто гадоў таму”.

Фармат прэзэнтацыі аўтар вызначае не традыцыйна і тым больш ня суха акадэмічна, хоць і напісаная кніга навукоўцам з доктарскаю ступеньню:

“Мая прэзэнтацыя – гэта будзе сустрэча менчукоў, якія любяць і шануюць свой горад”.

На вокладку кнігі вынесены менскі гарадзкі краявід канца ХІХ-пачатку ХХ стагодзьдзяў з чароўнай жаночай постацьцю ў цэнтры. Менавіта такі, неразбураны войнамі і бальшавіцкаю ўладай Менск, прапануе сваім чытачам і ўдзельнікам прэзэнтацыі Захар Шыбека. Менавіта там была спыненаная сто гадоў таму беларуская надзея, да якое аўтар заклікае пракласьці масток:

“Гэта будзе сустрэча з кніжкай, якая ўяўляе сабой масток у незвычайны пэрыяд гісторыі Менску, калі назіраўся эканамічны ўздым, назіраўся рост дабрабыту, тэхнічны прагрэс і людзі былі напоўненыя аптымізмам”.

Пазнаёміўшыся з тымі аптымістычнымі людзьмі і іхнымі марамі, – кажа Захар Шыбека, – іхныя сёньняшнія нашчадкі, магчыма, зразумеюць, што сучасная беларуская сталіца нагадвае красуню, якая страціла свае ўнікальныя спадчынныя каштоўнасьці, і захочуць адшукаць ці аднавіць іх. Захочуць жыць не на вуліцах імя зьнішчальнікаў гэтых радзінных скарбаў, а на тых, якія мелі свае даўнейшыя назвы – Падгорная, Францішканская, Дамініканская...

На прэзэнтацыю аўтар запрашае сяброў, якія таксама любяць Менск і зычаць яму вяртаньня страчаных гарадзкіх краявідаў, заможнасьці месьцічаў, аптымізму і веры іх у прыўкрасную будучыню роднага гораду:

“Гэта будзе сустрэча з маімі сябрамі, якія выступяць, – доктар навук Адам Мальдзіс, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, бард Зьміцер Бартосік і такі незвычайны чалавек, як спадар Наліваеў, які прасьпявае песьні менскіх габрэяў, якія былі вельмі папулярныя сто гадоў таму”.

Пачатак прэзэнтацыі кнігі Захара Шыбекі ў Нацыянальным музэі гісторыі і культуры сёньня а 16-й гадзіне.
XS
SM
MD
LG