Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбудзецца пікет за вызваленьне А.Казуліна


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня ў Менску пройдзе пікет з патрабаваньнем вызваленьня Аляксандра Казуліна. Акцыя прымеркавана да гадавіны галадоўкі былога кандыдата ў прэзыдэнты, якога ўжо болей за паўтара году трымаюць за кратамі.

Пакуль заяўнікам дазволілі правесьці пікет за вызваленьне Аляксандра Казуліна толькі 24-га кастрычніка, ўсяго на тры гадзіны і толькі ў адным месцы. Калі ўчора я дазваніўся былому адвакату Казуліна Ігару Рынкевічу, ён з аднадумцамі прыехаў на вуліцу Арлоўскую да месца, дзе пройдзе пікет.

“Вось гэтая пляцоўка, мы тут якраз знаходзімся. Насупроць Цэнтра выстаў, каля парку “Дрымлэнд”. Я разумею іронію некаторых людзей, іх намёкі пра цырк шапіто, але мы плянуем па-сур’ёзнаму праводзіць пікет. Ад Аляксандра Лукашэнкі будзем патрабаваць вызваленьня Аляксандра Казуліна, а таксама ад дэпутатаў будзем патрабаваць зьменаў у праект закону пра амністыю, каб амністыяй маглі скарыстацца таксама ўсе палітвязьні”.

Пікет пачнецца а 17-ай гадзіне. Ігар Рынкевіч мяркуе, што гарвыканкам наўмысна выдзяліў для пікету месца, дзе мінакоў вельмі мала. Былы адвакат Казуліна таксама паведаміў, што ім адмоўлена ў правядзеньні пікетаў на двух іншых месцах – у парку 50-годзьдзя Кастрычніка і на плошчы Бангалор. Але актывісты на гэтым не спыніліся і падалі яшчэ некалькі заявак на пікеты ў кастрычніку і лістападзе.

Нагадаю, галадоўка Аляксандра Казуліна, да якой прымеркаваны пікет, пачалася год таму. Былы кандыдат на прэзыдэнта дамагаўся адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, уладу якога лічыў незаконнай, а таксама заклікаў Раду бясьпекі ААН тэрмінова разгледзець сытуацыю з парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі. Другі пункт гэтых патрабаваньняў падаваўся назіральнікам ня менш фантастычным, чым першы, але ў выніку на 53-і дзень галадоўкі Казуліна на Радзе бясьпекі ААН сапраўды было ўзьнята пытаньне пра Беларусь. Гэта адбылося з ініцыятывы прадстаўніка ЗША, але больш шырока праблему не абмеркавалі з-за пазыцыі Кітаю і Расеі. Аляксандр Казулін, які на той момант ужо страціў амаль 30 кіляграмаў, патрапіў у турэмны шпіталь. Паводле дактароў, палітык дагэтуль не аднавіў свайго здароўя.

Усю праўду пра тую галадоўку ведаюць на волі хіба што толькі сваякі Аляксандра Казуліна. Для ягонай жонкі Ірыны тэма леташняй галадоўкі дагэтуль закрытая.

“Для мяне вельмі балюча пра гэта згадваць, лепш не варушыць гэтага”.

Заяўнікі пікету за вызваленьне Аляксандра Казуліна паведамляюць, што на пікеце таксама будуць прымацца заявы на ўступленьне ў Беларускую сацыял-дэмакратычную парыю (Грамада). Актывісты называюць гэты прыём новых сяброў “казулінскім прызывам”.

Летам калегі Аляксандра Казуліна падавалі заяўкі на правядзеньне ў краіне болей 50-ці пікетаў у падтрымку свайго лідэра з нагоды 500 дзён ягонага арышту. Тады ўлады дазволілі толькі два пікеты – у Берасьці і Наваполацку. У Менску апошні пікет за вызваленьне Аляксандра Казуліна быў дазволены ў траўні.


• БСДП (Грамада) распачне ў кастрычніку масавы прыём новых сяброў , 29.09.07 • А.Мілінкевіч зьвярнуўся да генпракурора ў абарону А.Казуліна , 20.09.07 • А.Рынкевіч: “Прысуд А.Казуліну застаецца незаконным” , 19.09.10
XS
SM
MD
LG