Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Стэфановіч: у Казуліна можа ўзьнікнуць права на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне


Сяргей Абламейка, Прага Госьць ранішняга эфіру праваабаронца Валянцін Стэфановіч пра тое, ці падпадуць пад меркаваную амністыю беларускія палітвязьні Зьміцер Дашкевіч, Аляксандар Казулін, Андрэй Клімаў, Артур Фінькевіч.

Стэфановіч: “Калі падыходзіць з чыста юрыдычнага пункту гледжаньня, то трэба, каб людзі адбылі траціну тэрміну пакараньня. Натуральна, гэта будуць Дашкевіч, Фінькевіч. Клімаў – не, паколькі закон аб амністыя на яго ўжо распаўсюджваўся, а другі раз гэта не дазволена. З Казуліным можа атрымацца сытуацыя, што калі па амністыі яму будзе скасаваны год або два, дык можа ўзьнікнуць права на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Але ёсьць адзін момант: у законах аб амністыі звычайна апошнім пунктам пішуць, што ён не распаўсюджваецца на асобаў, якія зьяўляюцца злоснымі парушальнікамі рэжыму ўтрыманьня. Нашы вязьні ўсе маюць шмат дысцыплінарных спагнаньняў – і Дашкевіч, і Фінькевіч, і Казулін лічацца злоснымі парушальнікамі рэжыму. Але я заўсёды кажу ў такіх выпадках, што пытаньне амністыі ў нашай краіне не юрыдычнае, а палітычнае. Таму, калі ва ўраду будзе воля і жаданьне прадэманстраваць Эўразьвязу ды іншым краінам добрую волю і адпусьціць палітвязьняў, атрымаўшы нешта ўзамен, яны гэта зробяць як яны гэта зрабілі вясной, калі выпусьцілі Севярынца і Статкевіча. Таму гэтыя спагнаньні могуць быць зьнятыя так, як яны былі накладзеныя. Усе залежыць ад таго, наколькі ўрад настроены на кантакт з Эўразьвязам – толькі гэта можа яго прымусіць зрабіць нейкія крокі”.
XS
SM
MD
LG