Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Экспрэсія Ніды” як добрая правакацыя


Ганна Соўсь, Менск У менскім Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва 23 кастрычніка адкрылася выстава “Экспрэсія Ніды”, на якой прадстаўленыя творы мастакоў Літвы, Беларусі, Польшчы, Латвіі, Расеі, Украіны і Нямеччыны -- удзельнікаў Нідзкага пленэру. “Добрай правакацыяй” назваў экспазыцыю літоўскі амбасадар Эдмінас Багдонас.

“Экспрэсія Ніды” сабрала ў галерэі Музэю сучаснага выяўленчага мастацтва амаль усіх кіраўнікоў дыпляматычных місій краінаў Эўразьвязу, а таксама ЗША і Ўкраіны.



Амбасадарка ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт

Тым больш, што прымеркаваная яна была да 15-годзьзя ўсталяваньня дыпляматычных стасункаў паміж Літвой і Беларусьсю.



Выставу адкрываюць літоўскі амбасадар Эдмінас Багдонас, кіраўнік музэю Васіль Шаранговіч, арганізатар пленэру Саўлюс Круопіс і намесьнік міністра культуры Валеры Гедройц.

Літоўскі амбасадар Эдмінас Багдонас у размове з Радыё Свабода прызнаўся, што ягоная жонка вельмі любіць экспрэсіяністаў. Пакуль у іх дома няма карцінаў з гэтага пленэру, але абавязкова будуць, -- кажа Эдмінас Багдонас:



“Вельмі ўдзячны людзям, якія арганізавалі гэтую выставу, літоўскім мастакам, якія зрабілі гэта. Каб яны не зрабілі гэтую ў добрым сэнсе правакацыю -- сабраць шмат розных мастакоў зь Беларусі, Украіны, Польшчы, Нямеччыны, Чэхіі ды іншых краінаў, каб паказаць нашу прыгожую Куршаўскую касу -- мы б проста тут не сабраліся”, -- кажа Эдмінас Багдонас.

Арганізатар і ініцыятар праекту Саўлюс Круопіс перакананы: удзельнікі выставы мастакі-экспрэсіяністы робяць выклік ня толькі акадэмічнаму жывапісу, але і акадэмічнаму жыцьцю.



Саўлюс Круопіс -- аўтар ідэі ўнікальнай кампазыцыі з 48 асобных карцінаў, якая адкрывае выставу. Ён кажа, што цалкам яна складаецца са 120 карцінаў і зь цягам часу іх будзе ўсё болей:



“Гэта свабодная карціна. Гэта мая ідэя ў Нідзе, але яна неабавязковая для масткоў, якія ўдзельнічаюць у пленэры. Хто хоча, той і малюе. Я даю палатно і прашу мастакоў паказаць, як яны бачыць гэтую стыхію – Ніду. Яна як мазаіка, дае сьвятло, дае рознасьць”, -- кажа Саўлюс Круопіс.

Зьвяртаю ўвагу аднаго зь беларускіх удзельнікаў выставы Алеся Ксяндзова, што на ягонай карціне адсутнічае жоўты, сонечны колер, які звычайна асацыюецца зь Нідай:



“Я ўвесь час успрымаў гэта як сонечны край. Заўсёды ў Ніду ў жніўні езьдзіў, і там вельмі мала было дажджоў і вельмі шмат сонца. І таму ў мяне ўражаньне ад цёплых дзюнаў пераўтварылася ў такія вобразы і ў такія фарбы – буйныя. Паўднёвыя, не балтыйскія. А сюжэт... Гэта старая Куршаўская лодка, якіх цяпер ужо ня робяць, усе майстры памерлі, і яна зьяўляецца своеасаблівым фэтышам гэтага краю”.



Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч і палітоляг Уладзімер Падгол



Адна з арганізатарак выставы Крысьціна Паканіце

Цягам 13 гадоў у Літве на Куршаўскай касе праходзіць міжнародны пленэр мастакоў “Экспрэсія Ніды”. На ім прадстаўляюцца творы масткоў Літвы, Беларусі, Польшчы, Латвіі, Расеі, Украіны і Нямеччыны. “Мэтай выставы ў Менску ёсьць выяўленьне супольнасьці розных краінаў, розных мастацкіх школаў і пакаленьняў”, -- паведамляе прэсавая служба амбасады Літвы ў Беларусі.

На выставе экспануюцца творы знакамітых літоўскіх мастакоў прафэсара В.Антанавічуса, Р.Кунца, А.Вайткунаса, Г.Палямонаса-Яноніса, А.Балтрунаса, А.Барздукайце ды іншых. Прадстаўленыя і творы беларускіх мастакоў А.Ладзісава, А.Ксяндзова, Ул.Макаркава, Л.Мядзьведзкага, Г.Мамонавай, В.Сазыкінай і М.Бусчыка, а таксама творы ўкраінскіх, латвійскіх, нямецкіх, расейскіх і польскіх мастакоў.
XS
SM
MD
LG