Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У рэгіёнах абмяркоўваюць кандыдатуры на старшыню Партыі БНФ


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня ў Менску палітык Віктар Івашкевіч пацьвердзіў журналістам намер балятавацца на пасаду старшыні Партыі БНФ. Радыё Свабода зьвярнулася да лідэраў рэгіянальных арганізацыяў Партыі БНФ — што яны думаюць на гэты конт?

Старшыня Берасьцейскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Зьміцер Шыманскі:

“11 лістапада ў Берасьці адбудзецца сход гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ. Будуць вылучаныя дэлегаты на зьезд Партыі БНФ. Таксама сярод іншых пытаньняў абмяркуем кандыдатуры людзей, якія прэтэндуюць на месца старшыні Партыі БНФ.

Відаць, што дамо рэкамэндацыі нашым дэлегатам — якім чынам галасаваць і каго падтрымліваць. Кандыдатура Віктара Івашкевіча будзе абмяркоўвацца сярод іншых”.

Лідэр Магілёўскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Рыгор Костусеў заявіў:

“Я мяркую, што ў кожнай партыі мусіць быць канкурэнцыя. Дэлегаты зьезду Партыі БНФ вызначацца. У нашай партыі людзі разумныя і ведаюць, хто чаго варты, выберуць самага годнага на пасаду старшыні.

Я ведаю, што ў нас цяпер тры прэтэндэнты — Вінцук Вячорка, Алесь Міхалевіч, Віктар Івашкевіч. Гэта нармальна: жыцьцё ідзе, для партыі тут аніякай пагрозы няма. І мы таксама мяркуем правесьці сход дэлегатаў ад Магілёўшчыны і запрасіць на яго ўсіх прэтэндэнтаў”.

Кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Сяргей Мальчык сказаў:

“Фронт заўжды быў дэмакратычнай арганізацыяй, і на апошніх чатырох зьездах адбывалася вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатураў. І гэта нармальна.

З другога боку, тое, што ёсьць ужо два прэтэндэнты (раней сваю кандыдатуру вылучыў Алесь Міхалевіч), гаворыць трошкі на тое, што ня ўсё, што робіцца кіраўніцтвам фронту, адпавядае жаданьням фронтаўцаў. Гэта значыць, што ёсьць праблемы”.
XS
SM
MD
LG