Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Заіка: “Будзе ўсё, як у савецкі час”


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ўрад Беларусі падвёў вынікі эканамічнай праграмы разьвіцьця краіны за дзевяць месяцаў гэтага году. Першы намесьнік прэм’ера Ўладзімер Сямашка адзначыў: за гэты час вырасьлі валавы ўнутраны прадукт, інвэстыцыі, рэальныя грашовыя даходы людзей. Адначасова ня выканалі некаторых асноўных паказчыкаў — прынамсі, тэмпу росту спажывецкіх тавараў, рэнтабэльнасьці вытворчасьці, сальда замежнага гандлю.

Прэм’ер Сяргей Сідорскі занепакоены перавагай імпарту, асабліва значна — замежных нехарчовых тавараў.

Раней, калі размова ішла пра перанасычанасьць беларускага рынку імпартнымі рэчамі, гэта зьвязвалі з прывозам замежных аўтамабіляў. Маўляў, сваіх жа няма, а высокія цэны на машыны (параўнальна з пыласосамі, тэлевізарамі ды іншымі таварамі) нібыта толькі ствараюць ілюзію вялікага імпарту.

Але сёньня кіраўнік ураду асобна вылучыў аўтамабілі. І атрымалася, што нават бязь іх уліку аб’ём імпарту нехарчовых тавараў сёлета вырас на 23%.

Гэта павялічвае адмоўнае сальда замежнага гандлю Беларусі. І таму прэм’ер прапанаваў на наступным паседжаньні ўраду абмеркаваць “пытаньне адкрытасьці беларускай мяжы для шэрагу тавараў”.

Эканаміст Аляксандар Чубрык лічыць, што закрыць мяжу практычна немагчыма:

“Для ўвозу гэтых тавараў праз Расею мы наўрад ці зможам зачыніць доступ, я так разумею. Ня зможам увесьці мыта, бо ў нас жа мытны зьвяз. Мяжы з Расеяй мы ўсё роўна не зачынім. А калі яе не закрыць, дык мы ня зможам паставіць перашкоду любым (харчовым ці нехарчовым) таварам з Расеі, праз Расею і гэтак далей”.

Эканаміст Леанід Заіка разважае: можна паспрабаваць весьці “паляваньне” на перавозчыкаў імпартных рэчаў. Але тады нас чакаюць такія наступствы:

“Нам прыйдзецца глядзець тэлевізары “Гарызонт” і “Віцязь”, лядоўні будуць толькі менскія. Будзем насіць кашулі фабрыкі “Сьцяг індустрыялізацыі” і штаны “Парыскай камуны”. Гэта ўсё было ў савецкі час”.

Спадар Заіка гаворыць, што яшчэ з 1999 году, калі ўзялі курс на месячны заробак 100 даляраў, пачалася дзяржаўная палітыка нарошчваньня грошай, якія атрымлівае насельніцтва.

Але яна не адпавядае рэальнай вытворчасьці беларускай эканомікі, кажа Заіка:

“Валавы ўнутраны прадукт расьце на 8,5%, а даходы насельніцтва на 16% — удвая больш. І так апошнія чатыры гады.

І вось гэтая папулісцкая палітыка вядзе да росту заробкаў, да павелічэньня грошай у насельніцтва. І тады людзі пачынаюць купляць імпартныя тавары лепшай якасьці. Навошта купляць “Віцязь”, калі можна набыць “Panasonic” альбо “Sony”?

Прэзыдэнт і ўрад вырашылі так жыць. І вось бачым адпаведныя вынікі. Я пра гэта пісаў, будзем павялічваць прыбыткі, людзі застануцца бяз працы. А заканчваецца ўсё гэта звычайна крызісам уласнага сэгмэнту тавараў для спажываньня”.

• Беларускіх таваравытворцаў не цікавіць унутраны рынак, 23.10.2007 • Чаму растуць запасы гатовай прадукцыі?, 23.10.2007 • С.Караганаў: “Такая саюзная дзяржава рэальна існаваць ня можа”, 12.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG