Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму адрасаваныя словы А.Лукашэнкі пра габрэяў?


Юры Дракахруст, Прага Ізраільская газэта “Jerusalеm Post” піша, што лідэры габрэйскай супольнасьці Беларусі лічаць, што словы Аляксандра Лукашэнкі пра бытавыя асаблівасьці габрэяў былі своеасаблівым пасланьнем, адрасаваным прэзыдэнту Ірана Махмуду Ахмадзінэжаду, які вызначаецца дэманстратыўным антысэмітызмам.

Летась кіраўнік Беларусі наведаў Іран, сёлета ў траўні Ахмадзінэжад быў зь візытам у Беларусі. Менск і Тэгеран заяўляюць аб стратэгічным партнэрстве, за апошні год значна павялічыліся аб’ёмы беларуска-іранскага гандлю, падпісана пагадненьне аб эксплюатацыі Беларусьсю нафтавага радовішча ў Іране.

Ізраільская газэта цытуе неназванага лідэра габрэйскай супольнасьці Беларусі, на думку якога пасьля ўзмацненьня сувязяў паміж Менскам і Тэгеранам у Беларусі адчуваецца выразны антыізраільскі дух. Паводле суразмоўцы газэты, цяперашняя палітыка Беларусі і Расеі адносна Ірану вельмі нагадвае Мюнхэнскае пагадненьне 1938 году – супакойваньне Гітлера Францыяй і Вялікай Брытаніяй.

Разам з тым цытаваны ў “Jerusalеm Post” габрэйскі беларускі дзяяч выказаў меркаваньне, што прыгаданае выказваньне кіраўніка Беларусі – праява не дзяржаўнага, а побытавага, “народнага” антысэмітызму. “Адзінае, што кепска, што гэта дэманструе прэзыдэнт краіны”, – сказаў суразмоўца газэты.

Разам з тым “Jerusalеm Post” прыводзіць шэраг выказваньняў іншых дзеячоў габрэйскай супольнасьці Беларусі, якія не надаюць выказваньням Лукашэнкі аб габрэях вялікага значэньня. “Я на 100% упэўнены, што ён не разумеў, што гаворыць”, – гэтак пракамэнтаваў пасажы пра габрэяў з адказаў Лукашэнкі Максім Юдзін, кіраўнік габрэйскага цэнтру ў Менску.

На думку канадзкага дасьледчыка Франкліна Суорца, які жыў у Беларусі 10 гадоў, зьбіраючы фальклёр беларускіх габрэяў і працуючы над аднаўленьнем габрэйскіх могілак, узровень антысэмітызму ў Беларусі надзвычай нізкі: “На мой погляд, у параўнаньні зь іншымі краінамі рэгіёну – Літвой, Латвіяй, Эстоніяй, Украінай, Расеяй, Польшчай – у Беларусі вельмі няшмат антысэмітызму, і я б сказаў, што амаль няма бытавога антысэмітызму. Параўноўваючы з сваім жыцьцём у Квэбэку і нават з пазьнейшым жыцьцём у Вялікай Брытаніі, я магу сказаць, што Беларусь – гэта вельмі утульнае месца для габрэяў. За савецкім часам там быў пэўны інстытуцыянальны антысэмітызм. Але цяпер я ня бачу ніякіх прыкладаў гэтага.

У кожным паселішчы Беларусі, дзе былі забітыя габрэі, стаіць помнік, пастаўлены ўладамі. У кожным. За савецкім часам там была фармулёўка, што ён прысьвечаны мірным савецкім людзям, забітым фашыстамі. Але цяпер на новых помніках наўпрост напісана, што гэта былі габрэі, забітыя немцамі і іх памагатымі, пераважна літоўцамі і латышамі”.

• Дзярждэпартамэнт і Кангрэс ЗША крытыкуюць Лукашэнку за антысэміцкія выказваньні, 23.10.2007 • Рэнэ ван дэр Ліндэн: “Лукашэнку варта было б папрасіць прабачэньня”, 22.10.2007 • МЗС Беларусі: “Амбасадар Беларусі ў Ізраілі Ігар Ляшчэня ўжо ўсё сказаў”, 22.10.2007
XS
SM
MD
LG