Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат С.Касьцян пра антысэмітызм: “Гэтая тэма для мяне непрыемная”


Іна Студзінская, Менск Адміністрацыя амэрыканскага прэзыдэнта Джорджа Буша прапанавала Аляксандру Лукашэнку адмовіцца ад антысэміцкіх выказваньняў: “Мы палічылі іх вельмі наступальнымі й заклікаем беларускага кіраўніка адмовіцца ад іх. Для ўсясьветных лідэраў характэрна змаганьне з антысэмітызмам, а ня ўвечненьне гэтай зьявы”, — гаворыцца ў лісьце амэрыканскага Дзярждэпартамэнту. Беларуская грамадзкасьць і палітыкі таксама абмяркоўваюць выказваньні Аляксандра Лукашэнкі. Афіцыйны Менск маўчыць.

Намесьнік старшыні сталай камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян заявіў:

“Я на гэтую тэму не хачу разважаць. Проста не хачу. Яна для мяне непрыемная і мярзотная”.

Карэспандэнтка: “А чаму такія эпітэты? У якім сэнсе “непрыемная”?”

Касьцян: “Ну, я сказаў сваё і больш ніякіх тлумачэньняў даваць ня буду”.

Акадэмік Радзім Гарэцкі лічыць, што за такія выказваньні абавязкова трэба прасіць прабачэньня:

“Беларусы заўсёды былі талерантныя да людзей розных нацыянальнасьцяў. У мяне шмат і сяброў-габрэяў, і калег па працы. Таму антысэмітызм мне не зразумелы.

Мяне абураюць і крыўдзяць словы, якія сказаў кіраўнік дзяржавы, таму я цалкам згодны з той незадаволенасьцю, пратэстамі, якія цяпер ідуць ад палітыкаў, грамадзкасьці. Трэба прабачэньня папрасіць нашаму кіраўніку. Праўда, ён, як заўсёды, скажа, што яго ня так зразумелі, як гэта часта бывае”.

Хірург 2-га клінічнага шпіталю Фэлікс Баторын кажа:

“Ня слухаю ніякіх выступленьняў. Калі я ўключаю тэлевізар і бачу там пэўныя контуры, дык я на другі канал пераключаю. Калі гэты чалавек выказваецца, дык у яго на адзін дзень сем перамен — сёньня кажа адно, заўтра другое, пасьлязаўтра ад сваіх словаў адмаўляецца... Я і слухаць не хачу, ён шмат што гаворыць”.

Публіцыстка Ірына Халіп перад прэзыдэнцкім выбарамі 2001 году на прэсавай канфэрэнцыі запыталася ў Аляксандра Лукашэнкі: “Куды вы будзеце ўцякаць пасьля паразы — туды, дзе вас схаваюць, альбо туды, дзе ў вас грошы?” Лукашэнка тады адказаў: “У Ізраіль зьеду!”

Сёньня Ірына Халіп выказала такое меркаваньне:

“Антысэміцкія выказваньні Лукашэнкі абражаюць ня столькі габрэяў, колькі беларусаў. Звычайна ўсё, што публічна кажа лідэр дзяржавы, ён кажа не пэрсанальна ад сябе, не як сваю асабістую думку, ён выказваецца быццам бы ад імя народу. Гэты цень, які Лукашэнка кідае на свой народ, яшчэ большая абраза, чым тое, што ён сказаў у дачыненьні да габрэяў.

І калі Рада Эўропы выказваецца, калі Дзярждэпартамэнт выказваецца, ім, вядома ж, няма ніякага клопату да пэрсанальных поглядаў Лукашэнкі. Яны асуджаюць пазыцыю лідэра дзяржавы як пазыцыю ўсёй дзяржавы. Тое, што кажа Лукашэнка, вельмі небясьпечна для ўсіх, хто жыве ў Беларусі”.

20 кастрычніка з крытыкай антысэміцкіх заяваў беларускага прэзыдэнта выступіла Рада Эўропы. “Прэзыдэнту Лукашэнку варта было б... папрасіць прабачэньня за свае ганебныя словы, калі ён сур''ёзна хоча наблізіцца да астатняй Эўропы”, – заявіў прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэн.
• “Спадару Лукашэнку трэба публічна папрасіць прабачэньня ў габрэйскай нацыі”, 22.10.2007 • Рэнэ ван дэр Ліндэн: “Лукашэнку варта было б папрасіць прабачэньня”, 22.10.2007 • МЗС Беларусі: “Амбасадар Беларусі ў Ізраілі Ігар Ляшчэня ўжо ўсё сказаў”, 22.10.2007
XS
SM
MD
LG