Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Магілёў: у крамах не стае малочных прадуктаў


Радыё Свабода, Магілёў У магілёўскіх крамах не стае масла ды маргарыну, выбар цьвёрдых сыроў таксама вельмі сьціплы. У гэтым пераканаўся карэспандэнт “Свабоды”, які наведаў цэнтральныя ўнівэрсамы Магілёва.

У гандлёвай залі ўнівэрсаму прадавачкі прадэманстравалі асартымэнт малочнай прадукцыі, якім яны гандлююць. Дэфіцыт масла й маргарыну зьявіўся прыкладна паўтара месяца таму. Раней пакупніку прапаноўвалі да пятнаццаці гатункаў масла, цяпер — толькі тры.

Паскардзіліся прадавачкі й на невялікі выбар цьвёрдых сыроў. А вось малака ды сьмятаны ў краме хапае.

Асноўнай прычынай недахопу малочнай прадукцыі прадавачкі лічаць вываз у Расею.

А што гавораць пакупнікі гэтай крамы?

Вось меркаваньне спадарыні, якая штодня заходзіць у краму пры канцы працоўнага дня. Цяпер яе не задавальняе выбар малочнай прадукцыі:

“Асартымэнту, які мне хацелася б бачыць, я ў канцы працоўнага дня ня бачу. Масла — можа, месяц таму было найменьняў дзесяць, цяпер добра, калі будзе тры найменьні. Няма сыроў цьвёрдых”.

Вось што мяркуюць іншыя пакупнікі. Аднаго найбольш хвалююць цэны на малочныя харчы, а ня іхны асартымэнт:

“Цэны на месцы не стаяць, вядома. Скачуць — не дагнаць. Ясна, хацелася б нейкай стабільнасьці болей-меней”.

Другі, сталага веку спадар, кажа:

“Асартымэнт нармальны. Вось учора малака ўзяў, сьмятанкі ў краме браў, альбо на базары ў нас свабодна прадаюць. Толькі, праўда, падыходзіць трэба ранкам”.

У аблвыканкаме пераконваюць, што праблемаў з малочнымі харчамі на Магілёўшчыне няма.

“Ня ведаю, што людзі кажуць на вуліцы. А ў нашыя крамы мы цяпер даем на 10% больш, чым раней. І пакажыце мне краму, дзе не хапае”, — зазначае старшыня абласнога камітэту па сельскай гаспадарцы аблвыканкаму Валеры Ліцьвінаў.

Спадар Ліцьвінаў усё ж неадназначна ацэньвае ўдзел малочных заводаў у экспарце прадукцыі:

“Малочныя заводы атрымліваюць прыстойныя грошы невядома за што. Яны цяпер усё гатовыя вывезьці. Што, гэта іхнае малако? Калі ім сёньня, як гаворыцца, сініца ў рукі трапіла, то гэта ня значыць, што так будзе заўсёды. Заўтра ці пазаўтра рынак зьменіцца. Рынак жа жывы арганізм. Такога не бывае, каб такі высокі кошт трымаўся”.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, Магілёўскі малочны камбінат “Бабуліна крынка” ад сёлетняга студзеня экспартаваў у Расею 561 тону цьвёрдага сыру. Штомесяц прадпрыемства вывозіць у Расею сорак найменьняў малочнай прадукцыі на паўтары тысячы тон.

• Падвышаюцца цэны на малочныя прадукты, 22.10.2007 • У Менску праблемы з пастаўкамі малака, 04.10.2007
XS
SM
MD
LG