Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У якім калгасе даярка атрымлівае 700—800 даляраў, як сказаў прэзыдэнт?”


Радыё Свабода Агляд тэлефанаваньняў за 23 кастрычніка, аўторак.

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

“Трэба абмежаваць увоз легкавых машынаў”

Ларыса, Менск: “Трэба абмежаваць увоз легкавых машынаў. Гэта трэба зрабіць, бо іх так шмат, што не хапае стаянак. Зірнеце, у кожны двор раніцай немагчыма прайсьці. Ідзеш як у лябірынце. А на пераходах што робіцца? Нясуцца як на пажар. І яшчэ трэба прапанаваць хаця б адзін раз на месяц паехаць на працу на гарадзкім транспарце, як гэта робяць у некаторых краінах. Ачысьціцца паветра”.

Марыя Гаўрыліч, Ваўкавыскі раён: “Я хачу падзякаваць такім слухачам, як Семяновіч, пані Ларыса, якія тэлефануюць. Я такая шчасьлівая, што маю такіх аднадумцаў. Але я не пра гэта.

Я хачу расказаць, як 30 верасьня я трапіла на выбары ва Ўкраіне. Там жыве мая дачка, працуе настаўніцай, і я паехала да яе ў госьці. 27 верасьня ішла якраз агітацыя. І ўсе, хто ачольвае партыі, прыходзілі й давалі справаздачы.

Ведаеце, так было добра! Ніхто ні на каго бруду ня ліў. Толькі даводзілі пра сваю партыю. І ніхто ні на каго не сказаў дрэннага, аж душа радавалася. А 30-га пайшла з унукамі на выбарчы ўчастак. Людзі, беларусы! Мы ад іх адстаем, як зямля ад неба!

Ведаеце, заходзіш, усе скрынкі стаяць пасярэдзіне залі, адна ад другой на мэтар. З аднаго боку стаяць ці сядзяць назіральнікі, з другога боку — стол, далёка адзін ад аднаго сядзяць чальцы камісіі. А старшыня выбарчай камісіі асобна сядзіць, глядзіць за парадкам. Культурна! Файна! Так душа радуецца! Пытаюся ва ўнукаў, а дзе міліцыя ваша? Кажа: “Тут ніколі не бывае”.

Спадар: “Кажуць, што Лукашэнка абразіў сваю нацыю, калі сказаў, што ў Бабруйску габрэі зрабілі з гораду сьвінарнік. Ён і пра Курапаты казаў, што тут пахаваныя забітыя гамбурскія габрэі...”

Камэнтуе намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі:

“Калісьці ў Вярхоўным Савеце казалі падобныя рэчы. І вельмі трапна казаў тады Зянон Пазьняк: "Вам бы пайсьці ў царкву, стаць на калені і пакаяцца. Гэта адзіны сродак пераадолець зло і ў вашых сэрцах і на гэтай зямлі”.

“Якая свабода, калі парлямэнт прызначаецца?”

Анастас Семяновіч: “Шаноўнае спадарства Радыё Свабода! Добры вечар! Неўзабаве спаўняецца 90 гадоў Кастрычніцкай рэвалюцыі. Афіцыйная прапаганда сьцьвярджае, што ў Беларусі ідэалы Кастрычніка ажыцьцявіліся ў большай ступені, чым дзе. Я думаю, што гэта хлусьня.

Адзін з галоўных ідэалаў Кастрычніка — “Зямля сялянам!”. Сказаць, што зямля ў сялянаў, гэта хлусьня. “Заводы і фабрыкі — рабочым!” — і гэта ня так.

Цяпер ужо пад прымусам кантрактаў людзі баяцца слова прамовіць насуперак начальству. Акцыі і іхныя прадпрыемствы адбіраюць у працаўнікоў, не пытаючыся, прымусова. Свабода слова і друку — пра гэта і ўвогуле няма чаго казаць. Ліквідуюцца незалежныя газэты. Якая свабода, калі парлямэнт прызначаецца, і гэтак далей?! Якія ж ідэалы Кастрычніка ў Беларусі ажыцьцявіліся? Я ня ведаю”.

Камэнтар намесьніцы старшыні Партыі камуністаў беларускай Алены Скрыган.

“Я думаю, што сам гэты грамадзянін і адказаў на пастаўленае ім пытаньне. Ідэалы Кастрычніка не ажыцьцёўленыя ў нашай краіне і да іх ажыцьцяўленьня вельмі далёка”.

Уладзімер Зьвернік: “Неяк пыталіся, ці ёсьць у Беларусі праявы антысэмітызму. Безумоўна, тым больш, што яны ідуць ад самага верху. Чаго варты толькі пасаж пра нейкіх “кручканосых”! А пра апошнюю заяву аб ранейшым Бабруйску наагул няма чаго казаць.

Нехта можа запытацца: “А дзе ж тут заклік да антысэмітызму?” Але нават зьняважлівыя выказваньні, нават зьлёгку замаскаваныя, ёсьць камандай “фас!” для розных фобіяў.

Я расейскі чалавек, народжаны ў Маскве, большую частку дзяцінства і юнацтва жыў побач і сярод габрэяў. Таму ў мяне склалася моцнае ўражаньне, што гэта вельмі добразычлівыя, таленавітыя, ветлівыя і надзейныя людзі.

Мае добрыя сябры зь юнацтва габрэі заўсёды для мяне былі ўзорам вышэй пералічаных якасьцяў. Калі я зірнуў на твары расейскіх журналюг, то пабачыў усьмешкі падчас разважаньняў Лукашэнкі пра габрэйскі Бабруйск. А калі думаеш, колькі людзей пацярпелі за абразу прэзыдэнта, то ў галаву прыходзіць простая думка: больш абразіць прэзыдэнта, чым сам Лукашэнка, ніхто ня ў стане”.

Іван, Жодзіна: “У мяне пытаньне. Назавіце, дзе ў Беларусі, у якім калгасе ці гаспадарцы, даярка атрымлівае 700—800 даляраў заробку, як сказаў прэзыдэнт? Бо якіх я ведаю даярак, кажуць, ім такі заробак і ня сьніўся”.

Эканаміст Кастусь Скуратовіч:

“Паводле статыстыкі, заробак у сельскай гаспадарцы – каля 400 тысяч беларускіх рублёў. Гэта менш, чым 200 даляраў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG