Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму растуць запасы гатовай прадукцыі?


Віталь Цыганкоў, Менск Апошнія дадзеныя Міністэрства статыстыкі і аналізу сьведчаць пра нарастаньне некаторых нэгатыўных тэндэнцыяў у беларускай эканоміцы. Адна з найбольш красамоўных лічбаў – рост запасаў гатовай прадукцыі. Што адбываецца з беларускай прамысловасьцю? Гэтыя ды іншыя пытаньні мы абмяркоўваем з эканамістам, кіраўніком Цэнтру Мізэса Яраславам Раманчуком.

Цыганкоў: “Паводле зьвестак на 1 кастрычніка 2007 году, запасы гатовай прадукцыі на складах прамысловых прадпрыемстваў з пачатку года павялічыліся ў фактычных цэнах на 30%. Наколькі гэта трывожны паказьнік. Ці прадстаўляе гэта нейкую пагрозу для стану беларускай эканоміцы?”

Раманчук: “Гэта сьведчыць пра тое, што беларуская прамысловасьць дрэнна адаптуецца да новых цэнаў на газ. Гэта адзін з тых паказьнікаў, які сьведчыць пра тое, што наша эканоміка ня можа працаваць па сусьветных цэнах. Калі дадаць сюды яшчэ і рост крэдыторскай запазычанасьці, рост зьнешняга доўгу, то можна зрабіць выснову. Што беларуская эканоміка праядае грошы, марнуе той патэнцыял, які быў назапашаны за апошнія 5 гадоў.

3-4 гад таму Лукашэнка казаў, што трэба ліквідаваць складзкія запасы. Тады іх было на 600 мільёнаў даляраў. Сёньня іх на 1,5 мільярды даляраў. Гэта сьведчыць пра тое, што структурныя рэформы яшчэ не адбыліся, – яны яшчэ будуць, і будуць вельмі балючыя”.

Цыганкоў: “Улада, аднак, кажа, што галоўны паказьнік – гэта рост валавога ўнутранага прадукту (ВУП). У Беларусі рост вытворчасьці працягваецца. Ці гэтак крытычна тое, што частка гэтай прадукцыі не прадаецца?”

Раманчук: “Камуністы калісьці казалі пра экстэнсіўны шлях разьвіцьця. Сёньня беларускаму чыноўніцвту таксама трэба выконваць 19 паказьнікаў ВУП, і яны іх выконваюць, і крычаць, што ўсё добра, усё расьце. Але калі мы адымем тое, што не прадаецца, адымем тое, што «намалявана» -- і тады атрымаем зусім іншую лічбу, рэальную.

Мала ўсё вырабіць, трэба яшчэ ўсё гэта прадаць, бо ў гэтым сэнс вытворчасьці. Тое, што нам прымушаюць купляць спажывецкія тавары па цэнах, вышэйшых за сусьветныя, гэта і ёсьць наступствам экстэнсіўнага разьвіцьця. Калі расейцы перастануць купляць нашу прадукцыю, то будзе, як з прадукцыяй гадзіньнікавага заводу – калі прымусілі кожнага прадпрымальніка рэалізаваць да 200 гадзіньнікаў, каб дапамагчы заводу”.
XS
SM
MD
LG