Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вы і Мы”: “Каму лядовы палац, а каму басэйн у падвале”


Радыё Свабода, Менск Агляд недзяржаўнага друку Беларусі за 23 кастрычніка.

Незалежная газэта “Вы і Мы” з Пружанаў у сьвежым нумары друкуе артыкул “Каму лядовы палац, а каму басэйн у падвале”. Гаворка вядзецца пра тое, што ў выніку правядзеньня камунікацыяў да Лядовага палацу ў Пружанах, стаўся затоплены падвал шматкватэрнага жылога дому.

У гэтым жа нумары “Вы і Мы” распачынае інфармацыйную кампанію, скіраваную на абарону правоў жыхароў Пружанскага раёну. Расказвае рэдактар газэты Ўладзімер Радзівончык:

“У выданьні гаворыцца, што мы можам супрацьпаставіць чынавенскай бюракратыі і абыякавасьці. Як сябе абараніць, як вырашаць праблемы па-за праўнага звальненьня людзей і гэтак далей. Мы разьлічваем павялічыць актыўнасьць грамадзянаў у адстойваньні сваіх правоў”.

Недзяржаўная моладзевая газэта “Дзедзіч” зь Берасьця ў сёньняшнім нумары падсумоўвае вынікі “Эўрапейскага маршу”. Пра зьмест іншых публікацыяў паведамляе рэдактар выданьня Павал Беларус:

“Матэрыялы пра тое, што да нас прыехалі вучыцца кітайцы, прычым, вучыцца на філялягічным факультэце. Аналітычныя матэрыялы пра падзеі ў горадзе і ў сьценах унівэрсытэту”.

Тыднёвік “Наша слова” ў сьвежым нумары друкуе афіцыйны адказ Канстытуцыйнага суду на запыт аб выкананьні закону аб мовах. У ім чарговы раз засьведчана, што ў Беларусі не забясьпечана роўнасьць дзьвюх дзяржаўных моў і найперш – беларускай.

Выданьне друкуе таксама артыкулы-прысьвячэньні з нагоды 60-гадовых юбілеяў гарадзенскага паэта Юркі Голуба і вядомага мовазнаўцы зь вёскі Дуброва Міколы Бусла. А таксама паведамляе пра выхад кнігі “Шлях да Жыровічаў” манаха і паэта Зьніча ды выдаўца Алеся Клышкі. Гаворыць рэдактар “Нашага слова” Станіслаў Суднік:

“Гэта іхняя гутарка пра бел-чырвона-белую плашчаніцу Хрыста. Адно з пытаньняў, якія яны ставяць: ці вартыя нашы разбураныя сэрцы быць пакрытыя гэтым сьцягам”

“Наша слова” таксама зьмяшчае крыжаванку, прысьвечаную 70-годзьдзю масавых расстрэлаў беларускай інтэлігенцыі падчас сталінскіх рэпрэсій. Яна цалкам складзеная зь імёнаў рэпрэсаваных.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG