Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Разьбітае сэрца пацана” анансавалі выхад першага альбому


Севярын Квяткоўскі, Менск Кабарэ-дуэт “Разьбітае сэрца пацана” працуе ад 2004 году ў жанры песеннай “трасяначнай пародыі”. Калектыў складаецца з двух чалавек – Дзяніса Тарасенкі і Паўла Родака-Гарадніцкага. 22 кастрычніка ў менскім клюбе “Графіці” адбыўся адзін з рэдкіх у Беларусі выступаў дуэту. Удзельнікі “Разьбітага сэрца пацана” выканалі шэраг песень альбому, якія мае выйсьці напрыканцы году.

“Разьбітае сэрца пацана” – сур’ёзны дуэт у жартаўлівым аздабленьні. Дзяніс Тарасенка тлумачыць, што хоча ўплываць на беларускую публіку ня толькі артыстычна, але і мэнтальна. Зрэшты, у інтэрвію музыкі прытрымліваюцца абранага імі вобразу “простых беларускіх пацаноў”, якія гавораць трасянкай:

Дзяніс: “Прататыпы нашай творчасьці – мы самі...”

Павал: “Мы вырашылі сур’ёзна падыйсьці да справы. У нас сёньня сур’ёзная праграма на вершы этай... Анны Герман... Анны Карэньевай... Анны Курнікавай... выступім у ролі бардаў-іспалніцеляў... Мы сьпецыяльна адрасьцілі для гэтага бакендарды”.

На адным з форумаў слухач напісаў: “Разьбітае сэрца пацана” – адзін зь нямногіх беларускіх гуртоў, які прымушае сябе адчуваць сапраўды гледачом. Чувакі крутыя па-любому”.

Творчы ход маўленьня ад імя “простага пацана” на пасьлясавецкай прасторы запачаткаваў украінскі гурт “Браты Гадзюкіны” на мяжы 1980-1990-х гадоў. У Беларусі падобны ход выкарыстоўваў гурт “Ляпіс Трубецкой”, а таксама дуэт “Саша і Сірожа”, які складаецца з лідэру “ляпісаў” Сяргея Міхалка і мастака Аляксея Хацкевіча.

“Разьбітае сэрца пацана” сьпяваюць як пра амурныя прыгоды “калдыроў і гопнікаў”, гэтак і пра грамадзка-палітычныя актуаліі. Напрыклад, пра аграгарадкі ці БРСМ. Дуэт не гучыць у афіцыйным эфіры і рэдка выступае ў Беларусі.

Павал і Дзяніс – акторы “Свабоднага тэатру”. Зрэшты, іронія іхняга супольнага праекту “Разьбітае сэрца пацана” таксама выклікае ў чыноўнікаў боязь. Але на канцэртах дуэту заўжды аншлягі.

Чаму ў беларускім тэатры мала альтэрнатыўных праектаў?, 24.08.2007 Трасянка – зьнішчэньне ці абарона беларускай мовы?, 26.01.2006
XS
SM
MD
LG