Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая справа за абразу Аляксандра Лукашэнкі?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Паводле зьвестак праваабаронцаў, міліцыя арыштавала былога прадпрымальніка Аляксандра Крутога, які чатыры гады таму ва ўлётках нібыта абразіў прэзыдэнта краіны.

Пра арышт Аляксандра Крутога паведаміў нясьвіскі журналіст Алесь Язьвінскі, які яго асабіста ведае:

“Цяпер зьявіліся зьвесткі, што тыдзень таму яго арыштавалі й зьмясьцілі ў Жодзінскі ізалятар. А пачыналася ўсё раней, яшчэ ў 2003 годзе”.

Паводле Алеся Язьвінскага, Аляксандар Круты прыехаў да маці ў Нясьвіж зь Менску, дзе страціў свой бізнэс. Былы прадпрымальнік пачаў дапамагаць людзям, якія лічылі сябе пакрыўджанымі ўладай: складаў скаргі, адстойваў інтарэсы жыхароў гораду на сустрэчах з начальствам.

У Нясьвіжы да Крутога ставіліся па-рознаму. Адны захапляліся яго дзейнасьцю, іншыя не выключалі, што ён псыхічна хворы.

Алесь Язьвінскі лічыць Аляксандра Крутога надзвычай прынцыповым чалавекам:

“Проста ён чалавек такі, які не саступіць. Прынцыпова ставіўся да ўсяго. Паводле закону — дык паводле закону”.

Улёткі, якія нібыта прычыніліся да арышту былога прадпрымальніка, той распаўсюдзіў чатыры гады таму. Ва ўлётках згадвалася імя Аляксандра Лукашэнкі.

Паводле Алеся Язьвінскага, міліцыя тады завяла справу пра абразу прэзыдэнта, і Аляксандра Крутога выклікалі на допыты, пасьля чаго ён зьехаў зь Нясьвіжу. Ёсьць зьвесткі, што былы прадпрымальнік хаваўся ў Менску і нядаўна быў арыштаваны.

Дзяжурны жодзінскай турмы, дзе трымаюць Аляксандра Крутога, адмовіўся спраўджваць, ці ёсьць такі вязень у ізалятары. Але дачка вязьня Іна Крутая пацьвердзіла гэтыя зьвесткі.

Ці магчыма, каб арыштавалі за злачынства, тэрмін даўнасьці якога мінуў?

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч патлумачыў: калі Аляксандра Крутога абвяшчалі ў вышук, а потым вышук прыпынілі, то і тэрмін даўнасьці юрыдычна спыніўся, таму арышт Аляксандра Крутога цалкам верагодны, лічыць праваабаронца.

У 2003 годзе, калі заводзілі справу на Аляксандра Крутога, паводле гэтага ж артыкулу асудзілі лідэра гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валера Леванеўскага.

Леванеўскі кажа, што ўлады да апошняга шукалі магчымасьць выставіць яму іншае абвінавачаньне:

“Яны спрабавалі справакаваць мяне на бойкі, шукалі нешта ў кампутары, шукалі што заўгодна — абы толькі не было артыкулу пра абразу прэзыдэнта. І толькі калі нічога не знайшлі, тады выкарысталі гэты артыкул”.

Валер Леванеўскі быў першым асуджаным на зьняволеньне паводле гэтага артыкулу, але ня першым пакараным. Раней за Леванеўскага атрымалі “хімію” за зьнявагу Аляксандра Лукашэнкі гарадзенскія журналісты Мікола Маркевіч і Павал Мажэйка.


• Журналістам незалежнай газэты “Згода” пракуратура пагражае крымінальнай справай, 27.09.2007
XS
SM
MD
LG