Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьменіць візыт А.Рыгоні дачыненьні Беларусі з Радай Эўропы?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і былы супрацоўнік Міністэрства замежных справаў Беларусі Карэн Акопаў.

Дакладчык па Беларусі палітычнага камітэту Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Андрэа Рыгоні наведаў Беларусь. Ці стала пазыцыя ПАРЭ больш мяккай да беларускага палітычнага рэжыму? Якія вынікі візыту Андрэа Рыгоні? Як ставяцца да пазыцыі ПАРЭ беларускія ўлады і апазыцыя?

Ці зьмянілася пазыцыя ПАРЭ адносна Беларусі?

Валер Карбалевіч: “Здаецца, ПАРЭ спрабуе праводзіць датычна афіцыйнага Менску больш мяккую лінію, арыентаваную на дыялёг. Пачаткам яе можна лічыць візыт у Менск яшчэ ўзімку старшыні ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэна.

Прызначэньне дакладчыкам палітычнага камітэту Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы па Беларусі левага італьянскага дэпутата Андрэа Рыгоні стала, мусіць, таксама праявай такой лініі гэтай эўрапейскай інстытуцыі.

Ці згодныя вы, што пазыцыя ПАРЭ стала больш мяккай да беларускага палітычнага рэжыму? Калі так, то чаму?”

Анатоль Лябедзька: “Закончанымі фразамі мы зможам гаварыць у студзені, калі пачнецца чарговая сэсія ПАРЭ. Пакуль мы бачым карэкцыю ў рыторыцы. Высновы можна рабіць толькі пасьля рашэньняў. А пункты гледжаньня могуць быць самыя розныя.

І матывацыя можа быць розная. Напрыклад, калі казаць пра добра вядомага ў Беларусі Пургурыдэса, то адзін зь ягоных сваякоў на Кіпры быў скрадзены. Таму праблема зьніклых у Беларусі была для яго вельмі блізкая. Акрамя таго, ён юрыст, што дапамагала яму ў працы над дакладам пра Беларусь.

А ў Рыгоні можа быць іншая асабістая матывацыя. У Італіі актуальнае пытаньне паездак туды беларускіх дзяцей. І, напрыклад, калі б з дапамогай дыялёгу ўдалося вырашыць гэтую праблему, то палітык Рыгоні набыў бы палітычны капітал у Італіі”.

Карэн Акопаў: “Эўропа павінна вырашыць дылему: пачаць дыялёг зь Беларусьсю ці працягваць яе ізаляцыю. Цяпер выпрацоўваецца стратэгія дачыненьняў зь Беларусьсю, адзінай краінай Эўропы і постсавецкай прасторы, якая не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы.

Трэба разьмяжоўваць два пытаньні: палітычны дыялёг з афіцыйным Менскам і наданьне Беларусі статусу адмыслова запрошанай у ПАРЭ. Рада Эўропы пакуль ладзіць кропкавыя кантакты з афіцыйнымі асобамі Беларусі для вызначэньня пазыцыяў”.

Якія вынікі візыту Андрэа Рыгоні ў Менск?

Карбалевіч: “Як можна пракамэнтаваць візыт Андрэа Рыгоні ў Менск? Ці зьмянілася пазыцыя італьянскага дэпутата, калі параўнаць зь ягонымі ранейшымі выказваньнямі? Спадар Лябедзька, вы ўчора сустракаліся зь ім. Якія ў вас уражаньні?”

Лябедзька: “Лічу, што тэрмін “ізаляцыя Беларусі” не пасуе да цяперашняй сытуацыі. Можна гаварыць пра палітыку самаізаляцыі беларускіх уладаў. Першы раз я сустракаўся з Рыгоні ў красавіку гэтага году ў Страсбуры. Тады ён мала ведаў пра сытуацыю ў Беларусі. Пасьля ўчорашняй сустрэчы я ўбачыў вялікі прагрэс ягонага веданьня пра сытуацыю ў Беларусі.

Пытаньне пра статус Беларусі ў Радзе Эўропы і статусе адмыслова запрошанай краіны ў ПАРЭ можа абмяркоўвацца толькі пасьля завяршэньня выбараў у Палату прадстаўнікоў. З гэтым згодзен і Рыгоні.

Спадар Рыгоні казаў, што цяпер мы можам размаўляць толькі пра палітычны дыялёг, а не пра статус Беларусі ў Радзе Эўропы. Гэта супадае з пазыцыяй аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі”.

Яшчэ важны тэзіс, які выказаў Рыгоні. У дыялёгу з ПАРЭ павінны ўдзельнічаць як улады, так і апазыцыя. Гэта таксама супадае з пазыцыяй аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Пасьля ўчорашняй сустрэчы я стаў большым аптымістам, чым да гэтага”.

Акопаў: “Я бачу два пазытыўныя сыгналы з боку ўлады. Яны пусьцілі Рыгоні як прадстаўніка міжнароднай арганізацыі ў Беларусь. Вось Пургурыдэса яны не пусьцілі. Другі сыгнал: яны далі правесьці Эўрапейскі марш.

ПАРЭ магла б прапанаваць стварэньне пляцоўкі для перамоваў паміж беларускімі ўладамі й дэмакратычнымі сіламі пры мадэратарстве Рады Эўропы. Для гэтага цяпер існуюць спрыяльныя ўмовы, бо афіцыйны Менск мае давер да палітычнага камітэту ПАРЭ.

Аднак пазыцыя беларускіх уладаў адносна правоў чалавека застаецца бязь зьменаў. Пры гэтым нельга весьці гандлю з афіцыйным Менскам у пытаньні палітзьняволеных, якія робяцца закладнікамі”.

Ці зьмяняецца стаўленьне да пазыцыі ПАРЭ беларускіх уладаў і апазыцыі?

Карбалевіч: “Здаецца, беларускія ўлады ставяцца да новага дакладчыка ПАРЭ прыязьней, чым да ягоных папярэднікаў. Ім падабаецца яго пазыцыя. Раней беларускія ўлады не дазволілі ўезд у Беларусь ня толькі Пургурыдэса, але і дакладчыка ААН па Беларусі Сэвэрына. Як гэта можна пракамэнтаваць?”

Лябедзька: “Шмат будзе залежаць ад таго, які праект рэзалюцыі па Беларусі будзе рыхтаваць Рыгоні. Давайце пачакаем.

Цяпер становішча Лукашэнкі больш складанае, чым паўтара году таму. Ён вымушаны шукаць камунікацыяў на Захадзе.

Нам не патрэбен дыялёг дзеля дыялёгу. Андрэа Рыгоні і Рэнэ ван дэр Ліндэн падтрымліваюць ідэю правядзеньня адмысловай канфэрэнцыі па Беларусі. Гэта тая пляцоўка, на якой можа пачацца рэальны перамоўны працэс”.

Акопаў: “Мы адна нацыя, таму дыялёг неабходны, якія б ні былі ўлады дрэнныя. Ня так важна, у якой форме пачнецца дыялёг. Ці гэта будзе міжнародная канфэрэнцыя, ці што іншае.

Але пакуль улады не гатовыя да гэтага. А без удзелу беларускага афіцыйнага боку такая канфэрэнцыя ня дасьць вынікаў. Таму я б прапанаваў устрымацца ад таго, каб выстаўляць цяпер нейкія ўльтыматумы ці ўмовы.

Лябедзька: “Нельга дапусьціць, каб у кожнай міжнароднай арганізацыі была свая стратэгія дачыненьняў зь Беларусьсю. Важна, каб Рада Эўропы, АБСЭ, Эўразьвяз мелі адну стратэгію. Пры адсутнасьці гэтага беларуская дыпляматыя будзе гуляць з кожнай арганізацыяй паасобку.

Найлепш, каб такую ініцыятыву агучыў Эўразьвяз, зь якой Менск зацікаўлены разьвіваць эканамічныя дачыненьні. Гэтая ідэя мае ўжо падтрымку кіраўнікоў ПАРЭ і Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ.

Нельга ісьці шляхам кіраўніцы рабочай групы Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Уты Цапф. Яна правяла ўвесну адзін сэмінар — і вельмі ўсьцешаная гэтым. Зьбіраецца правесьці яшчэ два сэмінары.

Калі мы пойдзем такім шляхам, то дачакаемся, што на пэнсію пойдзе ня толькі Аляксандар Рыгоравіч, але і Віктар Аляксандравіч, а мы ўсё будзем гаварыць пра дыялёг”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG