Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наваполацак: адраджаецца грамадзкі экалягічны рух


Радыё Свабода У Наваполацку адбыўся сход ініцыятыўнай групы для стварэньня грамадзкага экалягічнага руху.

Наваполацак, дзе месьціцца адзін з самых буйных у Эўропе нафтахімічных комплексаў, зьяўляецца праблемным горадам што да забруджваньня навакольнага асяродзьдзя. Тым часам месьцічы ня ведаюць, чым дыхаюць і якую ваду спажываюць, бо ніякай інфармацыі на гэты конт не паступае.

Асабліва хвалюе навапалачанаў якасьць вадаправоднай вады — як гарачай, так і халоднай. Падчас выступу на сходзе, на якім прысутнічалі 50 чалавек, мясцовы актывіст Валер Шаўчэнка заявіў, што якасьць наваполацкай вады ці ня самая горшая ў Беларусі. І гэты факт засьведчыла незалежная экспэртыза.

На сходзе выступіў таксама лекар-уроляг, які распавёў пра шкоднае ўзьдзеяньне на людзкі арганізм высокажалезістай вады і хлёркі, якой дэзынфікуюць вадаправодную ваду.

Удзельнікі сходу выказаліся за адраджэньне ў горадзе грамадзкага экалягічнага руху, які існаваў тут ад канца 1980-х гадоў. “Чыстую ваду мы атрымаем толькі тады, калі ўсе 100 тысяч навапалачанаў стануць актывістамі гэтага руху”, — паведаміў нашаму радыё Валер Шаўчэнка.

Адмыслова да сходу падрыхтавалі першы нумар незалежнага экалягічнага бюлетэню “Глыток вады”.
XS
SM
MD
LG