Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ганна Асмалоўская: “Я веру, што мы навучым дзяцей быць шчасьлівымі”


Радыё Свабода Ганна Асмалоўская – удзельніца праграмы “Ў што я веру”.

Я веру, што жыцьцё – справядлівая штука, і калі Бог дае нам мажлівасьць зьявіцца на сьвеце, то ня проста так. Усё мае сэнс. І кожны чалавек проста абавязаны гэты сэнс зьдзейсьніць.

Нехта скажа – што ж справядлівага ў бедах, пакутах, выпрабаваньнях? У чым сэнс іх у нашым жыцьці? А я перакананая, што кожнае выпрабаваньне і страта даюць нам шанец стаць мацнейшымі. Пераломныя моманты вядуць нас да аднаўленьня.

У маім жыцьці былі пэрыяды, калі можна было б пісаць кнігу пад назвай “Эвалюцыя болю”. Я ведаю адчуваньні пры страце родных людей, растаньня зь сябрамі, здрады, безвыходнасьці, фізычнага болю… І я ведаю, што варта ісьці наперад, імкнуцца жыць! Трэба памятаць – за ніжэйшай кропкай заўжды пачынаецца ўздым, што самы цёмны час – перад світаньнем. Новыя вартасьці, іншы погляд на сябе і Сусьвет – тое, што мы набываем, заўжды каштоўней за загубленае! Я веру ў гэта.

Я веру, што зло пакараецца, а дабрыня вяртаецца.

Я веру, што час заўжды справядліва растаўляе ўсё па сваіх месцах.

Я веру ў тое, што варта верыць і трэба марыць. Бо падсьвядомасьць наша – самая моцная зброя ў змаганьні за шчасьце.

Я веру ў шчасьце без умоваў. Я веру і ведаю, што можна быць шчасьлівым проста ад таго, што жывеш. Веру, што можна адчуць шчасьце “да слёз” проста, калі табе ў твар дзьме цёплы вецер ці калі п’еш каву, ці ідзеш па жоўтым лісьці і ўдыхаеш водар восені, ці калі назіраеш за жыцьцём праз вокны ўтульнай кавярні, ці чытаеш кніжку пад гукі дажджу, ці сьпяваеш любімую песьню за рулём аўто, ці чуеш, як ціха сапуць твае дзеці ў сьне… і сэрца замірае … Гэтыя моманты абавязкова трэба асэнсоўваць, смакаваць. Шчасьце – гэта імгненьні, якія трэба ўмець лавіць і зь якіх складаецца цэлае жыцьцё.

Я веру, што калі мы загартуем ў нашых дзяцей веру ў сябе, навучым карыстацца жыцьцёвымі выпрабаваньнямі як мажлівасьцямі для імкненьня наперад, ды проста навучым іх умець быць шчасьлівымі, то яны будуць жыць у вольнай і моцнай краіне. Веру – мы гэта здолеем!

Ганна Асмалоўская – лекар-пэдыятар, маці двух сыноў. Жыве ў Менску.
XS
SM
MD
LG