Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі каляндар на кожны дзень


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Вільні ў друкарні “Гудас” выйшаў “Беларускі каляндар-даведнік на кожны дзень”. Яго ўкладальнік Уладзімір Хільмановіч сабраў даты зь беларускай гісторыі з розных гадоў, таму календаром можна карыстацца пастаянна. Выданьне мае наклад 300 асобнікаў, у ім больш за 180 старонак.

Карэспандэнт: “Гарадзенскі гісторык і журналіст Уладзімір Хільмановіч выпусьціў “Беларускі каляндар-даведнік на кожны дзень”. Адна з датаў у ім — 22 кастрычніка 1919 году, калі выйшаў дэкрэт Юзафа Пілсудзкага аб дазволе фармаваць беларускія вайсковыя часткі. Мы якраз знаходзімся побач з будынкам, у якім у Горадні напачатку 1919 году знаходзілася беларуская вайсковая камэндатура і таксама ўрад БНР”.

Хільмановіч: “Гэта цяжкае пытаньне нашай гісторыі. БНР была гераічнай спробай зьдзейсьніць пракаветную мару пра дзяржаўнасьць. І тое, што яна не рэалізавалася — трагічная старонка нашай гісторыі. Менавіта з гарадзенскага рэгіянальнага календара і пачыналася мая праца. І спакваля высьпела думка стварыць такі беларускі краязнаўчы даведнік, унівэрсальны, які б ня быў прывязаны да канкрэтнага году, і такім чынам вярнуць многія забытыя імёны і старонкі айчыннай гісторыі”.

Карэспандэнт: “Калі гартаеш “Беларускі каляндар-даведнік”, застаецца ўражаньне, што ў ім шмат сумных зьвестак зьмешчана. Калі гэта беларускі дзеяч, паэт ці пісьменьнік, то альбо ён загінуў у паўстаньні, альбо быў расстраляны ці закатаваны ў турме”.

Хільмановіч: “Даведнік зьмяшчае пераважна фіксаваныя даты апошніх трохсот гадоў нашай гісторыі і, безумоўна, гэта трагічны ў бальшыні сваёй час, і таму, мабыць, нямала сумных старонак і датаў. Аднак аптымізму павінен надаваць той факт, што беларуская нацыянальная ідэя ўсё роўна разьвівалася. Гэтым даведнікам я хацеў бы сапраўды вярнуць многія імёны. Выкарыстана мною была шматлікая энцыкляпэдычная літаратура, праца ішлі цягам многіх гадоў, выкарыстаны таксама розныя інтэрнэтныя рэсурсы, у тым ліку сайт Радыё Свабода і, у прыватнасьці, праграма, цяпер ужо кніга Уладзімера Арлова “Імёны Свабоды”.

Карэспандэнт: “У прадмове да “Календара-даведніка” сказана, што ў ім адлюстраваны суб’ектыўны погляд аўтара”.

Хільмановіч: “Безумоўна. Я маю на ўвазе, перш за ўсё, што больш адлюстравана гісторыя заходняй Беларусі: Гарадзеншчыны, Віленшчыны, Беласточчыны. А адбор пэрсаналіяў, ён заўсёды мае суб’ектыўны характар. Я пастараўся зьмясьціць зьвесткі пра людзей, што спрычыніліся да беларускага руху: ці то душпастырскай, культурна-асьветніцкай дзейнасьці, ці ўдзельнічалі ў палітычных, вайсковых арганізацыях, ці ў дысыдэнцкім руху ў савецкія часы”.

Горадня. Кастрычнік 2007. Уладзімір Хільмановіч каля камяніцы, зьвязанай са знаходжаньнем Ураду БНР у Горадні Уладзімір Хільмановіч каля камяніцы, зьвязанай са знаходжаньнем Ураду БНР у Горадні
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG