Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віктар Івашкевіч будзе балятавацца на пасаду старшыні Партыі БНФ


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Менску адбыўся сойм Партыі БНФ і грамадзкага аб’яднаньня БНФ “Адраджэньне”. Ён быў прысьвечаны пытаньням падрыхтоўкі да зьезду партыі, які адбудзецца 8 сьнежня. На сойме намесьнік старшыні партыі Віктар Івашкевіч заявіў пра намер балятавацца на пасаду старшыні Партыі БНФ. Таксама сойм ухваліў шэраг акцый, прымеркаваных да Дзядоў.

У выступе Віктар Івашкевіч абгрунтаваў сваю пазыцыю. Ён заявіў:

“Для ператварэньня Партыі БНФ з маленькай партыі, адной зь невялічкіх партыяў аб’яднаных дэмсілаў, у масавую партыю, якая б была лідэрам АДС, фронт мусіць ініцыяваць і ўзначаліць масавую кампанію. Такая кампанія мною была абвешчана пасьля правядзеньня акцыі “Эўрапейскі марш” пад назвай “Кампанія “Эўрапейскі марш”.

Спадар Івашкевіч падвёў вынікі Эўрапейскага маршу. Ён заявіў, што ўдалося мабілізаваць дыпляматычную падтрымку. Упершыню эўрапейскія дыпляматы прынялі непасрэдны удзел у канкрэтнай акцыі апазыцыі. Таксама ён адзначыў, што аб’яднаныя дэмсілы выдзелілі фактычны нуль у бюджэт Эўрапейскага маршу. Аднак, паводле спадара Івашкевіча, удалося займець падтрымку акцыі, хаця і дэкляратыўную, ад усіх дэмсілаў.

Віктар Івашкевіч выклаў на сойме прапановы па разгортваньні “Кампаніі “Эўрапейскі марш”. Яна будзе мець некалькі накірункаў: “За эўрапейскую Беларусь”, “За свабоду палітвязьняў”, “За свабодныя выбары” і “За дэмакратычных дэпутатаў”. Падчас кампаніі прапануецца пачаць масавую вэрбоўку валянтэраў Эўрапейскага маршу. А таксама каардынаваць дзеяньні эўрапейскіх структураў і ўнутры краіны.

Спадар Івашкевіч прапанаваў скласьці сьпіс зь дзьвюх тысяч чалавек, якія дадуць згоду ўвайсьці у выбаркамы. І гэты сьпіс давесьці да замежных дыпляматаў, каб патрабаваньне іх уключэньня ў камісіі стала ўмовай эканамічных праектаў Эўропы і Беларусі. Агітацыйная кампанія мусіць весьціся ў канкрэтных выбарчых акругах дзеля рэальнага атрыманьня большай паловы галасоў. Таксама спадар Івашкевіч выказаўся за правядзеньне масавай акцыі 25 сакавіка.

“Гэта можна рабіць, калі фронт гэта будзе непасрэдна ўзначальваць. Калі старшыня фронту будзе ісьці наперадзе гэтага руху пэрсанальна.

Я бачу сваю задачу мабілізаваць увесь фронт на рашэньне задач, якія перад намі стаяць. З тым, каб усе, хто належыць да розных груповак, працавалі разам. Я лічу, што фронт не павінен быць у ценю іншых лідэраў АДС за кошт праяўленьня сваёй ініцыятывы. Я лічу, што кіраўнік фронту ня можа быць хлопчыкам на пабягушках у дзядзенькі Мілінкевіча. Я лічу, што кіраўнік фронту можа быць паўнавартасным, моцным партнэрам, у тым ліку і Мілінкевіча, калі той захоча рэальна працаваць у змаганьні за незалежнасьць і дэмакратыю ў Беларусі. Але старшыня партыі мусіць быць асобай, якая праяўляе ініцыятыву, бярэ на сябе адказнасьць і выконвае ўзятыя на сябе пляны”.

Сойм партыі БНФ, Віктар Івашкевіч, 20.10.2007
Віктар Івашкевіч выступае са сваёй заявай на сойме: “Цытаваньне намесьніка старшыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча ў асноўных інфармацыйных рэсурсах выйшла на пятае месца пасьля Лукашэнкі, Сідорскага, Мілінкевіча, Папова. Пятым ідзе Івашкевіч”.

Адносна заявы Віктара Івашкевіча сябра сойму Юрась Хадыка заявіў:

“Адно толькі спадзяваньне, каб гэта не прывяло да расколу фронту. Каб у выніку перамогі Івашкевіча прыхільнікі Вінцука не сышлі з фронту ці наадварот. Я думаю, што ўсё адбудзецца нармальна і будзе працягвацца нармальная праца”.

Старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка сказаў, што таксама будзе балятавацца. Ён пракамэнтаваў Радыё Свабода заяву свайго намесьніка:

“Я стаўлюся станоўча да ўсіх дэмакратычных ініцыятываў. Я стаўлюся станоўча да альтэрнатыўных выбараў і хачу нагадаць, што ў фронце на апошніх зьездах, акрамя перадапошняга, заўсёды была альтэрнатыва і я перамагаў на альтэрнатыўных выбарах. І што тычыцца асабіста Віктара, то мы зь ім належым да тых у БНФ, хто абараняе фронтаўскія інтарэсы. Мы – фронтаўцы. І ў гэтым сэнсе дыскусія, палеміка паміж фронтаўцамі – толькі на карысьць фронту”.

Таксама сойм ухваліў шэраг акцый, прымеркаваных да Дзядоў і Дня памяці. 27 кастрычніка аб 11 гадзіне ў Курапатах ладзіцца талака падчас якой чакаецца ўзнаўленьне паламанага вандаламі Крыжа “пакутнікам Беларусі” . 27 кастрычніка пройдзе традыцыйнае ўшанаваньне памяці братоў Каліноўскіх у Сьвіслачы. 28 кастрычніка будзе падтрымана шэсьце у Курапаты, якое ладзіць КХП. 29 кастрычніка плянуецца сабрацца ва ўрочышчы Курапаты і адтуль наведаць мэмарыяльныя месцы масавых расстрэлаў.

Арганізатар “Эўрапейскага маршу” Віктар Івашкевіч на онлайн-канфэрэнцыі: "Заклікаю ўсіх да супольнай працы", 17.10.2007 В.Вячорка: “Учорашняя акцыя была пробай сілаў перад наступным годам”, 15.10.2007 Эўрапейскі марш. Менск, 14 кастрычніка 2007, 15.10.2007
XS
SM
MD
LG