Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распачаўся Міжнародны год бульбы


Галіна Абакунчык, Менск Генэральная асамблея Арганізацыі аб’яднаных нацыяў абвясьціла 2008 год Міжнародным годам бульбы. Кампанія прапагандаваньня году бульбы ў сьвеце распачалася ад 18 кастрычніка. Імпрэзаў дзяржаўнага ўзроўню ў Беларусі з гэтай нагоды не плянуецца. У той жа час і ўрадавыя, і незалежныя адмыслоўцы заяўляюць, што Беларусь страчвае імідж аднаго з галоўных вытворцаў бульбы ў сьвеце.

Прадстаўніцтва ААН у Беларусі рыхтуецца правесьці арт-фэстываль, конкурсы сярод моладзі, круглы стол з навукоўцамі, прысьвечаныя году бульбы. Мэту і значнасьць міжнароднай акцыі для Беларусі тлумачыць супрацоўнік прадстаўніцтва ААН Віктар Радзівіноўскі:

“Ёсьць праблемы ў Беларусі з бульбай, скарачаюцца палеткі. Беларусы ўжываюць бульбы больш за ўсіх у сьвеце, але ня ведаюць пра гэтую культуру амаль нічога”.

“Што тут хваляваць грамадзкае меркаваньне? Год бульбы ці ня год бульбы...”

Як паведамляюць у Міністэрстве сельскай гаспадаркі, Беларусь – адна зь сямі краінаў – асноўных вытворцаў бульбы, а таксама першая ў сьвеце па яе спажываньню. Бульбу вырошчваюць на плошчы ў паўмільёна гектараў амаль ўсе сельгаспрадпрыемствы краіны. Аднак да Міжнароднага году бульбы тут ставяцца скептычна. Гаворыць прадстаўнік міністэрства, які не пажадаў называць сваё імя.

“Што тут хваляваць грамадзкае меркаваньне? Год бульбы ці ня год бульбы – ён ня вырашыць усе нашы праблемы. Вырошчваем, вырошчваем, складаем, складаем, а пасьля жывёле скормліваем. Вось дзе нашая праблема”.

Як паведамляюць у Міністэрстве, увоз бульбы ў Беларусь цяпер абмежаваны 100% мытай. Аднак нават пры такіх умовах некаторыя рэстараны, такія як “Макдональдз”, працягваюць купляць яе за мяжой.

Адзін зь нямногіх экспартэраў, Расея, беларускую бульбу цяпер амаль не набывае.

Ці купляюць бульбу беларускія спажыўцы?

Пытаюся ў людзей на вуліцах Менску:

Карэспандэнтка: “Вы купляеце бульбу ці вырошчваеце яе?”

Спадарыня: “У бацькоў на лецішчы вырошчваем. Вельмі смачная”.

Спадар: “Крыху купляю, крыху вырошчваю. На зіму – гэта асноўны прадукт”.

Спадарыня: “Мы вырошчваем. Шмат страў зь яе гатуем. Зараз шмат вельмі добрых гатункаў ёсьць. Мне падабаецца”.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у Беларусі цяпер вырошчваецца каля 10 мільёнаў тон бульбы. Зь іх 2 мільёны – у калгасах і саўгасах, і 8 – на прыватных падворках і лецішчах. Адначасна, беларускі Інстытут бульбаводзтва па-ранейшаму застаецца лідэрам ў пастаўках элітнага насеньня ў многія краіны сьвету, кажа навуковец і эканаміст Міхась Залескі:

“Навуковая база ў нас добрая, у нас добрая сыстэма сэлекцыі. Але мы гэта робім пад рыдлёўку. У нас вытворчасьць дэіндустрыялізаваная. Цудоўнейшы прадукт мы марнуем, бо ня маем культуры вытворчасьці ў такіх вялікіх аб’ёмах. Вось у чым праблема”.

ААН: бульба – “прыхаваны скарб”, які дапаможа змагацца з голадам у сьвеце 20.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG