Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб''яўлены пераможцы беларускага "Кліп-маратону"


Паводле БелаПАН Аб''яўлены пераможцы "Кліп-маратону" — фэсту кліпаў беларускамоўных выканаўцаў, які адбыўся 18—19 кастрычніка ў сядзібе Партыі БНФ, паведамляе БелаПАН.

Прыкладна сорак кліпаў, якія бралі ўдзел у фэстывалі, былі разьмеркаваныя на групы паводле музычнай стылістыкі. Гледачы галасавалі за найлепшы кліп у кожнай намінацыі.

Наймацнейшым анімацыйным кліпам быў названы кліп "Турысты" гурту "Крамбамбуля". У намінацыі "Традыцыя і сучаснасць" перамог кліп "У Карчме" гурту "Стары Ольса". У катэгорыі "Чорна-белае кіно" – кліп "Калгас" гурту "ZET". Найлепшым "цяжкім" кліпам гледачы назвалі "Крыжы-абярэгі" гурту "Зьніч", найлепшым лірычным — "Абсэнт" праекту "Крамбамбуля".

Па выніках глядацкага галасаваньня рэжысэры і аўтары найлепшых кліпаў былі ўганараваны адмысловымі прызамі і дыплёмамі.

Арганізатары фэстывалю на працягу двух месяцаў займаліся пошукам беларускамоўных кліпаў. Некаторыя выканаўцы самі зьвярнуліся з прапановай паказаць свае кліпы. Так, гурт "J:Morc", які апошнія гады сябе адасабляў ад палітычна актыўных музыкаў, прадстаўляў ролік на песню “Так-цік-так”. Гурт "Беларускія песьняры" паказаў у рамках "Кліп-маратону" адзін са сваіх найноўшых анімацыйных кліпаў.

Падчас фэсту адбыліся прэм''еры новых кліпаў на песьні "Жыцьцё" і "Край" гурту "Нэйра-Дзюбель", "Напамін пра будучыню" Андрэя Плясанава і "Тры расейскія літары" гурту "ЗігЗаг".

Ініцыятарамі фэсту выступілі маладзёвае крыло Партыі БНФ і культурніцкая камісія БНФ "Адраджэньне". Яны разьлічваюць выдаць DVD-дыск з найлепшымі кліпамі, а таксама прадэманстраваць "Кліп-маратон" у розных гарадах Беларусі.

На сядзібе БНФ - беларускі кліпаматограф, 18.10.2007
XS
SM
MD
LG