Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі скончыцца падзеньне курсу даляру?


Радыё Свабода Напярэдадні сустрэчы міністраў фінансаў у Вашынгтоне, дзе мелася абмяркоўвацца падзеньне даляру, курс амэрыканскай валюты апусьціўся да рэкордна нізкага ўзроўню ў параўнаньні з эўра: у пятніцу ён склаў 1,43 даляры за 1 эўра. Днём раней прадстаўнікі Міжнароднага валютнага фонду заявілі, што даляр чакае далейшае падзеньне.

З прагнозам МВФ цалкам згодны прафэсар эканомікі Вашынгтонскага ўнівэрсытэту Фрэдэрык Ёўц. У інтэрвію “Свабодзе” прафэсар Ёўц спыніўся на прычынах падзеньня і выказаў уласнае меркаваньне адносна будучыні ЗША ў выпадку страты імі вядучых пазыцый ва ўсясьветнай эканоміцы.

Як лічыць прафэсар Ёўц, відавочна, што іншыя краіны сьвету, якія даганяюць ЗША паводле тэмпаў вытворчасьці, дэманструюць больш высокі эканамічны рост. І “гэтая сытуацыя робіць яшчэ больш сумнымі і без таго дрэнныя прагнозы пра будучыню амэрыканскай валюты”, кажа Ёўц.

Ёўц: “Тая цана за даляр, якую мы маем сёньня, адлюстроўвае стан гандлю на глябальных рынках. Аднак, калі вы паглядзіце на дынаміку гандлю і міжнародных рухаў капіталу, то стане відавочным, што даляр можа яшчэ больш упасьці адносна іншай валюты.

Пэрспэктывы эканамічнага росту і ўзроўню інфляцыі ў Эўропе крыху лепшыя, чым у ЗША. І гэта робіць эўра больш прывабнай валютай за даляр. Такім чынам, людзі аддаюць перавагу эўра і трымаюць у сябе так званыя эўраактывы”.

Амэрыканцам трэба быць больш рэалістычнымі

Паводле прафэсара Ёўца, сярод тэндэнцыяў, якія аслабляюць даляр, трэба найперш назваць наступствы цяперашняга крызісу на фінансавых рынках, выкліканага праблемамі з так званымі рызыкоўнымі іпатэкамі ў ЗША, калі асобныя банкі выдавалі іпатэчыя крэдыты кліентам з ненадзейнай плацежаздольнасьцю. Страты амэрыканскіх банкаў і іпатэчных кампаній складаюць мільярды даляраў.

Аднак, падкрэсьлівае прафэсар, пры гэтым шмат краін усё яшчэ імкнуцца дагнаць Амэрыку.

“Мы ўсё яшчэ застаемся адной з самых разьвітых краін, незалежна ад таго, як хутка мы бяжым. Нам трэба быць больш рэалістычнымі. Мы складаем 5-6% ўсясьветнага насельніцтва і хутчэй за ўсё 20-25% ўсясьветнай эканамічнай дзейнасьці. Мы ў ЗША можам зарабляць на новых тэхналёгіях. Такім чынам, нам трэба прадаваць рэчы, якія мы маем. І тут у нашых ведах і сфэры паслугаў мы маем пэўную перавагу.

Калі іншыя краіны хочуць нас дагнаць і даганяюць, гэта не абавязкова кепска. Калі іхныя даходы будуць падвышацца, а амэрыканскі даляр падаць, гэты выкліча больш попыту на амэрыканскія прадукты і паслугі”.
XS
SM
MD
LG