Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму пракуратура не адказвае на скаргі адносна справы А.Казуліна?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Генэральная пракуратура не адказвае на скаргу адваката Аляксандра Казуліна. Прызначаны судзьдзя, які будзе зноў судзіць Зьмітра Дашкевіча. Андрэй Клімаў даслаў з мазырскай калёніі першы ліст.

Болей за два месяцы таму адвакат Зьміцер Гарачка накіраваў наглядную скаргу на прысуд, паводле якога Аляксандр Казулін быў асуджаны на 5,5 гадоў зьняволеньня. Ці ёсьць адказ на гэтую скаргу? Я запытаўся ў былога адваката Казуліна Ігара Рынкевіча.

“На сёньняшні дзень генэральны пракурор Беларусі гэтак і не адказаў на скаргу, якую ў якасьці нагляду падаў адвакат Зьміцер Гарачка напачатку жніўня. Ужо немагчыма спадзявацца, што засталіся ўнутраныя захады, каб абскардзіць прысуд. На жаль, Беларусь страціла магчымасьць паправіць сваю рэпутацыю ў гэтай галіне. Таму мы і падалі скаргу ў камітэт правоў чалавека ААН”.

Тым часам 60 грамадзянаў Беларусі накіравалі заявы ў генэральную пракуратуру адносна перасьледу Аляксандра Казуліна. Заяўнікі патрабуюць завесьці крымінальныя справы супроць асобаў, датычных, як яны лічаць, да перасьледу экс-кандыдата на прэзыдэнта. Указаны прозьвішчы судзьдзяў, сьледчых, міліцыянтаў і супрацоўнікаў пракуратуры.

Маці З.Дашкевіча: “Ня ведаю, як сын трывае!”

На гэтым тыдні другая крымінальная справа супроць лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча патрапіла ў суд. Зьмітра будзе судзіць Тацяна Кашкіна са Шклоўскага раённага суду. Актывісту пагражае 6 месяцаў зьняволеньня за адмову ад дачы паказаньняў у дадатак да тых паўтара году, якія ён ўжо адбывае. Паводле першага прысуду Зьміцер мусіць выйсьці на волю ў студзені будучага году, але цяпер ніхто прадказаць ня можа, калі ён вернецца дамоў. Маці актывіста Вольга Дашкевіч кажа:

“Усяго некалькі месяцаў засталося, а тут – на табе! Ды ня дай Бог! Я ня ведаю, як ён трывае. Я б страціла розум. Я ўжо страчваю розум, а як ён трывае, ня ведаю!”

Нагадаю, Зьмітра Дашкевіча асудзілі за ўдзел ў незарэгістраванай арганізацыі. Ён адмовіўся даваць паказаньні супроць сваіх калегаў па “Маладым фронце”.

“Мяне везьлі ў “сталыпінскім” вагоне”

Андрэй Клімаў даслаў першы ліст з Мазырскай калёніі, куды яго прывезьлі для адбыцьця пакараньня за антыўрадавы артыкул ў інтэрнэце. Ліст быў адрасаваны Анатолю Лябедзьку, лідэру Аб’яднанай грамадзянскай партыі, у якую ўваходзіць Андрэй Клімаў. Анатоль Лябедзька распавёў, пра што піша палітвязень.

“Ліст кароткі. Проста інфармуе, што прывезьлі ў “сталыпінскім” вагоне праз Гомель, зараз патрапіў у карантын і што крыху прастыў, падхапіў нейкі вірус. Вось і ўсё. Спадзяюся, мы зараз наладзім зь ім трывалую сувязь. Рыхтуем для яго ліст, кожны зь сяброў Палітрады напіша і яму дашлем”.

Нагадаю, Андрэя Клімава пакаралі на два гады зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму. Гэта ўжо трэцяе пакараньне вядомага апазыцыйнага палітыка.

Зьмітра Дашкевіча будзе судзіць Тацяна Кашкіна, 18.10.07 Здароўе Аляксандра Казуліна не палепшала, 9.10.07 Чаму ўлада маўчала пра прысуд Андрэю Клімаву?, 8.09.07
XS
SM
MD
LG