Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты: 13.10.2007 - 21.10.2007


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

“Год таму ў гэтыя дні я рыхтаваўся да сваёй бестэрміновай галадоўкі – галадоўкі пратэсту супраць свавольля нелегітымнага прэзыдэнцтва Лукашэнкі, супраць парушэньня правоў чалавека ў краіне. Я гатоў быў аддаць сваё жыцьцё, і, слава Богу, што мой голас з-за кратаў тады дасягнуў сэрцаў і розумаў многіх суайчыньнікаў, сусьветнай супольнасьці, аж да ААН. Прайдзіце ж Маршам так, каб нашы мірныя, але цьвёрдыя крокі пачула ўся Эўропа!”

Аляксандар Казулін, былы кандыдат на прэзыдэнта Беларусі, вязень калёніі «Віцьба-3» – у звароце да ўдзельнікаў Эўрапейскага маршу

“Я лічу, што пачатак быў добры. Але праз тое, што няма адзіных думак, куды ісьці і што рабіць, людзі проста як авечкі блукаюць па горадзе. Але пачатак дадзены добры, і калі такіх акцыяў будзе адна-дзесяць-дваццаць, то з часам народ пачне бачыць, што Беларусь сапраўды жыве”.

Рычард, удзельнік Эўрапейскага маршу

“Ясна, што ўчорашняя прастора свабоды была здабытая ўсёй папярэдняй працай арганізацыйнага камітэту і міжнароднай падтрымкай. Наша мэта зусім ня ў тым, каб грызьціся за падтрымку, за мройнае лідэрства сярод гэтых пяці тысяч. Наша задача больш амбітная: пераняць лідэрства ў галовах шматмільённага беларускага народу. Для чаго крок за крокам гэты самы народ трэба насьмельваць для абароны сваіх правоў, у тым ліку праз вулічныя акцыі. Але яны павінны быць абсалютна дысцыплінаванымі і мірнымі”.

Вінцук Вячорка, старшыня партыі БНФ – на прэсавай кафэрэнцыі па выніках Эўрапэйскага маршу.

“Мы ня згодныя з выказваньнямі, што тое, што ўчора адбылося, гэта правакацыя моладзі й праява радыкалізму. Гэта была справа гонару, праява моладзі не падпарадкоўвацца нейкім заявам улады”.

Алесь Апейкін, адзін зь лідэраў моладзевай арганізацыі «Ініцыятыва», сябры якой ўручылі арганізатарам Эўрапейскага маршу шуфлік для прыбіраньня сабачых фэкаліяў на вуліцы і вядзерка з надпісам “Гаўно. Сябрам аргкамітэту для выкарыстаньня ў парку Дружбы народаў”.

“Па-першае, ніякай сілы прымяняць не плянавалася, бо арганізатары абяцалі паводзіць сябе карэктна. Ну, калі яны не кіруюць моладзьдзю, дык што я магу казаць на гэта? Няма кантакту паміж старымі палітыкамі з апазыцыі й паміж моладзьдзю. Яна, можа, і не жадае, каб ёй хтосьці кіраваў. Было заданьне паказаць, хто на што здольны. Улада здольная дэманстраваць стрыманасьць, а апазыцыя здольная была паказаць, што яна ня мае кантролю ці не адказвае за свае абяцаньні”.

Аляксандар Зімоўскі, старшыня Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі – пра Эўрапейскі марш.

“Бог паслаў цябе сюды невыпадкова. Ты – кропачка з гэтай маленькай краіны. А як яна маленькая, дык тваё значэньне вельмі вялікае: ты не адзін з многіх, а – адзін. Ты адзін і адзіны!”

Тацяна Севярынец, настаўніца з Віцебску, маці палітыка Паўла Севярынца – пра матывы дзеяньняў палітычна актыўнай моладзі.

“Адно з пытаньняў і адказаў, якія тычацца непасрэдна габрэяў, пачынаючы з габрэяў Бабруйску і заканчваючы габрэямі Ізраілю, ня могуць, на мой погляд, ня выклікаць зьдзіўленьня і шкадаваньня, паколькі ў ім чуюцца водгукі міту, які, як я спадзяваўся, даўно пахаваны і не існуе. Прынамсі, у адукаваным чалавецтве. Міту аб габрэях, як людзях неахайных, брудных, з дрэнным пахам. Міту несумненна антысэміцкага”.

Зэеў Бэн-Ар’е , пасол Ізраілю ў Беларусі – пра наступнае выказваньні Аляксандра Лукашэнкі, зробленае 12 кастрычніка на прэсавай канфэрэнцыі: "Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад. У яго страшна было зайсьці! Сьвінушнік быў! Гэта ў асноўным быў габрэйскі горад. Ну, вы ведаеце, як габрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі”.

“Роля кіраўнікоў дзяржаваў – змагацца з антысэмітызмам, дзе б ён толькі ні ўздымаў сваю агідную галаву, ва ўсім сьвеце, а не заахвочваць яго! Антысэмітызм - гэта перадусім індыкатар грамадзтва, у якім ён узьнікае, і яго кіраўнікоў”.

Цыпі Ліўні, міністар замежных справаў Ізраілю – пра цытаванае вышэй выказваньне Аляксандра Лукашэнкі.

“Я займаюся палітыкай. Я ня голуб і ня ястраб. Але гаворка не ідзе пра саступкі. Больш за тое, я нават ня маю такой магчымасьці — камусьці нешта прадстаўляць. Я прыехаў сюды, каб адкрыць шлях да дыялёгу”.

Анрэа Рыгоні, дакладчык па Беларусі палітычнага камітэту Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы – пра мэты свайго візыту ў Беларусь.

“Кожны фільм абавязкова прысьвечаны пэўнай тэме. І гэта цалкам слушна, што фарбы згушчаюцца – тады больш відаць зьява. Калі вы што-небудзь разглядаеце, вы што бераце ў руку? Вы бераце, каб прыгледзецца, павелічальнае шкло, лупу. Гэта натуральна. І ў мастацкім творы тое самае”.

Юры Хашчавацкі, кінарэжысэр – пра сваё творчае крэда.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG