Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На псыхіку хварэе кожны чацьвёрты


Радыё Свабода Наколькі вялікая сувязь паміж зьменай надвор''я і зьменай настрою? Як змагацца з восеньскай хандрой?

Асьпірантка філязофскага факультэту БДУ Ірына Козьлік лічыць, што хандра, якая напаткала яе разам з пагаршэньнем надвор''я – праява менавіта восеньскай дэпрэсіі:

«Восень – гэта адсутнасьць сонца. Вельмі адчуваецца, што яго становіцца ўсё меней ды меней штодня. Ты бачыў у панядзелак, што ў шэсьць гадзінаў вечара яно яшчэ было, а ў нядзелю заўважыў, што ў 16.45 яго ўжо няма. І гэткае хуткаснае зьнікненьне сонца, на мой погляд, выклікае дэпрэсію. Ідзеш на працу – яшчэ цёмна, вяртаесься з працы – ужо цёмна. І надыходзіць такое адчуваньне, што наагул нідзе няма яскравых прамянёў у жыцьці».

Вінаватыя “жаночыя” часопісы

На думку псыхоляга Жанны Міцкевіч, Ірына моцна памыляецца, калі называе свой стан дэпрэсіяй. Дзякуючы так званым «жаночым» часопісам, кажа псыхоляг, адбылася блытаніна ў панятках.

«Блытаюць дэпрэсію з дэзадаптацыяй. Калі гаварыць пра дэпрэсію, то яна сапраўды мае сэзоннасьць – восень і вясну. І ў гэтым выпадку тыя, хто пакутуе на дэпрэсію – хворыя людзі, якія павінны лекавацца пад наглядам мэдыкаў. Ва ўсіх астатніх – гэта не дэпрэсія, гэта – зьмена настрою, дождж ідзе на вуліцы, у хаце яшчэ ня ацяпляюць, холадна, заробак далёка, – вось табе і мэлянхалічны настрой, “млявасьць і абыякавасьць да жыцьця”. Гэта яшчэ залежыць ад таго, які чалавек з натуры – інтравэрт ці экстравэрт, аптыміст ці пэсыміст».

Ад усьмешкі і восень цяплее!

Зь іншага боку, сьведчыць Жана Міцкевіч, дыскамфорт ад зьмяншэньня працягласьці сьветлавога дня нельга пакідаць без увагі.

«Многія людзі, асабліва пэсымістычнага складу, адчуваюць дыскамфорт увосень – ад таго, што дзень малы, сьвятла няма, усё шэрае вакол... Выйсьце з гэтага – салярый, можа быць... Адпачынак на некалькі дзён... Добрыя фільмы камэдыйнага пляну, кнігі – усё, што дапаможа пераключыцца зь мінору на мажор...»

Хвароба на ўсіх

Калісьці дэпрэсію напаўсур''ёзна называлі хваробай багатых людзей. Сёньня сытуацыя кардынальна зьмянілася, сьведчыць загадчык катэдры псыхіятрыі і наркалёгіі Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі Раман Еўсягнееў:

«Яшчэ 50 гадоў таму здавалася, што псыхічныя расстройствы – гэта нешта рэдкае, экзатычнае, і таму праца псыхіятраў была ў тым, каб выявіць гэткія захворваньні і ізаляваць хворага ад грамадзтва. Потым аказалася, што псыхічна хворых – не паўадсоткі і не адзін адсотак. Выявілася, што на псыхічнае растройства хварэе цягам жыцьця кожны чацьвёрты чалавек на плянэце. Да 2020 года дэпрэсія мае заняць другое месца сярод хваробаў, якія цягнуць за сабой эканамічныя страты».

Самагубцаў – болей чым ахвяраў аўтакатастрофаў

Паводле афіцыйнай статыстыкі, кажа Раман Еўсягнееў, у Беларусі паўмільёна хворых на псыхічныя расстройствы.

«Каля трох тысяч жыхароў краіны становяцца самагубцамі штогод. Гэта значна болей, чым у нашай краіне гіне ў выніку аўтакатастроф. Значнай колькасьці гэтых самагубстваў можна было б пазьбегнуць, калі б гэтыя людзі трапілі ў фокус увагі мэдыкаў, калі б ім своечасова дапамаглі».

Ня варта саромецца

Сёньня ў Беларусі працуе болей за паўтары тысячы псыхіятраў, кажа сп. Еўсягнееў. Гэта – болей, чым анколягаў. Але праца дактароў магла б быць больш плённай, каб тэрмін «псыхічнае захворваньне» пазбавіўся свайго ганебнага іміджу і людзі зьвярталіся да мэдыкаў пры першых прыкметах хваробы цывілізацыі. І не чакалі, пакуль мэлянхалічная хандра перарасьце ў дэпрэсію, кажа Ірына Байкова, загадчыца катэдры псыхатэрапіі і псыхалёгіі БелМАПО:

«Мы робім даволі шмат, каб панізіць стыгматызацыю псыхічных захворваньняў. За 7 месяцаў 2007-га сярод тых, хто зьвярнуўся па дапамогу ў сувязі з псыхічнымі растройствамі, кожны трэці меў не псыхатычныя растройствы, а нэўратычныя – тое, што мы называем хваробамі настрою, хваробамі цывілізацыі, хваробамі, выкліканымі стрэсам».

Дэпрэсія адбірае радасьць ад жыцьця, а часта – і само жыцьцё, 23.02.2007 Псыхіятры: Мярзотнае надвор’е ўзмацняе адчуваньне мярзотнасьці жыцьця, 26.01.2007 Цёплая зіма: душэўны дыскамфорт ад камфорту, 17.01.2007 Як пераадолець сэзонную дэпрэсію?, 3.01.2007
XS
SM
MD
LG