Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

• “Навошта мне гэтая краіна? Навошта я гэтай краіне?”


Іна Студзінская, Менск Тэма грамадзкага рэдактара тыдня. Не сакрэт, што значная частка беларускай моладзі марыць атрымаць добрую адукацыю і зьехаць за мяжу, шукаць лепшай долі. Студэнты і асьпіранты, якія захапляюцца філязофіяй і зьбіраюцца па серадах на паседжаньні гуртку беларускіх інтэлектуалаў, разважаюць інакш.

Яраслаў Сьцешык, 25-гадовы асьпірант:

“Мне гэтая краіна патрэбна таму, што гэта мая Радзіма. Я ведаю, што мог бы жыць і ў іншай якой-небудзь краіне, нармалёва адаптаваўся б. Але мне падабаецца тут, родныя мясьціны, родныя людзі. Я ў прынцыпе веру, што няма малых людзей, няма малых учынкаў. Кожны наш учынак паўплывае на грамадзтва. Я пастараюся зрабіць гэтую краіну свабоднай, заможнай, незалежнай Беларусьсю”.

Вераніка, студэнтка-першакурсьніца БДУ кажа.

“Я павінна жыць для гэтай краіны, каб зрабіць яе як мага больш утульнай ня толькі для сябе, але і для сваіх бацькоў, для сваіх сяброў, суайчыньнікаў. Навошта яна мне патрэбная? Так, яна мне патрэбная. Але яна, пэўна, мне нічога больш не павінна даваць – усё, што трэба, я ўжо атрымала. У мяне ёсьць прыгажосьць, у мяне ёсьць землякі, у мяне ёсьць літаратура і музыка. І патрэбныя проста людзі, якія будуць любіць яе так, як я. І тады ўсё будзе добра”.

Сяргей, першакурсьнік Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, разважае так:

“Я зьбіраюся ўсё жыцьцё пражыць тут. Нікуды зьяжджаць у мяне няма ніякіх плянаў. Я патрэбен сваёй краіне таму, што ў мяне ёсьць сілы, жаданьне палепшыць сваю краіну, зрабіць свой народ больш шчасьлівым і знайсьці сваё месца пад сонейкам”.

Студэнтка Юлія пакуль шукае свой шлях, сваё месца ў гэтым няпростым жыцьці:

“Я лічу, што любая краіна, любая зямля павінна дапамагаць увогуле ўсім сваім дзецям дасягнуць чагосьці ў жыцьці. Я думаю, што мая краіна падкажа, для чаго я ёй”.

А вось Вераніка, студэнтка філялягічнага факультэту Белдзяржунівэрсытэта яшчэ зь дзяцінства вызначылася, чым яна можа быць карыснай Радзіме. І ідзе да сваёй мэты:

“Я патрэбная сваёй краіне дзеля таго, каб папулярызаваць нашу родную беларускую мову. Пайду настаўнічаць у школку, каб з маленства дзеткам прывіваць любоў да роднае мовы. Ну і зьбіраюся па магчымасьці мець сваіх дзяцей, іх таксама зь першых дзён буду думаць і гаварыць па-беларуску і любіць нашу краіну”.

Асьпірант Зьміцер перакананы:

“Я лічу, што гэтая краіна мне прызначана Богам, калі ён ёсьць, для таго, каб жыць тут. Нармальна, годна, па-людзку.

Навошта я гэтай краіне? Таксама, каб зрабіць нешта добрае для агульнай карысьці і для далейшага разьвіцьця нашай маладой дзяржавы”.

Гэта былі разважаньні маладых беларусаў, якія сур’ёзна захапляюцца філязофіяй.

Камэнтар грамадзкага рэдактара Т.Севярынец:

“Няма нічога выпадковага ў тым, хто, дзе і для чаго нарадзіўся. Можна ўвогуле не задумваццца над гэтым пытаньнем – хто я, які, чаго жадаю? Не, ня ведаеш, чаго хочацца? Тады, як няма, дык украду, не аддадуць – заб’ю... Пасьлізнулася нага – за ёй паехала другая, і чалавек зрынуўся ў бездань.

Таму асэнсаваньне сябе як асобы, маючай сваёй пакліканьне, – вялікая духоўная праца. Прыкладам пакліканьня могуць стаць дзесяць ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі, якія паходзяць зь Беларусі.

Аляксандар Мілінкевіч родам зь невялікай беларускай вёсачкі, ён стаў таленавітым фізыкам, паліглётам, лідэрам нацыянальнага руху – ён усьвядоміў сваё пакліканьне і рэалізуе яго.

Што дасьць сьвету новае пакаленьне беларусаў, залежыць ад таго, якімі мы іх выхаваем. Чаму навучым. Дапаможам знайсьці сябе і асэнсаваць”.
XS
SM
MD
LG