Лінкі ўнівэрсальнага доступу

• “У Горадні ёсьць і вялікія нядзельныя школы, і зусім малыя”


Сяргей Астраўцоў, Горадня Тэма грамадзкага рэдактара тыдня. Як працуюць нядзельныя школы для вывучэньня рэлігіі, ці патрэбны Закон Божы ў сьвецкай школе — гэтыя пытаньні высьвятляў наша гарадзенскі карэспандэнт.

Мы знаходзімся ў Сьвятапакроўскім праваслаўным саборы і размаўляем з айцом Аляксандрам Хомбакам, які зьяўляецца дырэктарам нядзельнай школы.

Карэспандэнт: “Скажыце, як у вас праходзяць заняткі, колькі займаецца дзяцей?”

Хомбак: “Ведаеце, наша школа ўжо існуе з 1994 году, і дзесяць гадоў я зьяўляюся духоўнікам нядзельнай школы. Да трохсот навучэнцаў у ёй, васямнаццаць выкладчыкаў, усе з пэдагагічнай адукацыяй. Навучаньне займае ад двух да шасьці гадоў. Наш уладыка просіць, каб выкладаньне адбывалася на беларускай мове, і калі ёсьць такая магчымасьць, урокі праходзяць па-беларуску”.

Карэспандэнт: “Скажыце, калі ласка, Вашае меркаваньне: ці патрэбна ў школе выкладаць Закон Божы, у якой форме – факультатыўнай ці не, што думаеце?”

Хомбак: “Мне здаецца, усё-ткі патрэбна, канешне, але трэба разьдзяляць рэлігійную адукацыю ў нядзельнай школе і ў школе сьвецкай. Канешне, наша адукацыя мае сьвецкі характар, я маю на ўвазе дзяржаўную. І мне здаецца, ня трэба нейк прымусова абавязваць людзей прыходзіць да Бога, трэба ў школе выкладаць як факультатыў. У Польшчы ў звычайных школах ёсьць Закон Божы, там няма пытаньняў, трэба ці не, там выкладаецца. Калі ёсьць чалавек, які ня хоча вывучаць рэлігійную традыцыю, ён тады вывучае этыку. На маю думку, гэта добра: ёсьць выбар, і гэты выбар павінен быць і ў нас”.

Айцец Аляксандар Хомбак, Горадня, 19.10.2007

Трэба сказаць, што Сьвятапакроўскі сабор днямі адзначыў стагодзьдзе, ён быў пабудаваны дакладна сто гадоў назад у 1907 годзе.

Кася Крот праводзіць заняткі зь дзеткамі ў нядзельнай школцы пры грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Горадні.

Крот: “Цяпер у нас чацьвёра дзетак, узрост – 9-11 год, займаемся мы другі год. Я стараюся, каб ім падабалася займацца: мы таксама сьпяваем, гуляем, малюем, бо веды для дзяцей не заўсёды галоўнае. Яны, канешне, мусяць ведаць, кім ёсьць Бог, але калі яны гэтага асабіста не перажывуць, не пабудуюць асабістых адносінаў, то веды нашыя проста намарна будуць”.

Кася Крот, Горадня, 19.10.2007

Карэспандэнт: “А па якіх кніжках Вы іх вучыце, па беларускіх ці не?”

Крот: “У мяне ёсьць некалькі дапаможнікаў, я карыстаюся грэка-каталіцкімі, рымска-каталіцкімі, украінскімі, польскімі, беларускімі, гэта значыць, у нас няма аднаго дапаможніка, я перапрацоўваю розныя праграмы і ствараю ўласную. Мы заняткі праводзім на беларускай мове, і мне проста прыходзіцца ўсё гэта перакладаць, перарабляць. Кожнае дзіця мае свой альбомчык, дзе мы робім запісы, уклейкі, малюнкі. Такім чынам, падручнікі мы складаем зь імі разам падчас заняткаў”.

Камэнтар грамадзкага рэдактара Т.Севярынец:

“Дзяржава аддзеленая ад царквы. Але закон Божы навучае таму, чаму аніякая дысцыпліна не навучыць. Ён навучае этыцы, сумленьню, маральнасьці. “Нагорная пропаведзь” навучае адносінам да жыцьця і сьмерці.

Ці спраўляецца сёньняшняя школа з выхаваньнем падрастаючага пакаленьня? Шмат выпадкаў, калі школьнікі за зьдзяйсьненьне гвалтоўных дзеяў аказваюцца на лаве падсудных і доўжаць сваю “адукацыю” ўжо ў іншых месцах.

У маладафронтаўцаў ёсьць лёзунг: “Бойся Бога і больш – нікога!” Навука пра Бога – гэта навука пра сумленьне, выхаваньне годнасьці і адказнасьці, пра адчуваньне маральных бар’ераў, а ня толькі пра тое, што такое добра і што такое кепска.

Таму, я думаю, сьвятары – праваслаўныя, каталікі, пратэстанты, – павінны быць запрошаныя ў школы. Нашыя дзеткі мусяць навучацца жыць у хрысьціянскай краіне. Адкрытай усім канфэсіям.

Ідэю выкладаньня закону Божага ў школах зараз распрацоўвае аргкамітэт па стварэньні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Ён грунтуецца на хрысьціянскіх каштоўнасьцях, беларускім патрыятызьме і міжканфэсійнасьці”.
XS
SM
MD
LG