Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Антысэмітызм — гэта перадусім індыкатар грамадзтва і яго кіраўнікоў”


Ганна Соўсь, Менск Працягваецца дыпляматычны канфлікт, зьвязаны з заявамі Аляксандра Лукашэнкі на прэс-канфэрэнцыі для расейскіх СМІ, якія МЗС Ізраілю назваў антысэміцкімі. Амбасадар Ізраілю ў Беларусі Зэеў Бэн-Ар’е часова зьехаў зь Беларусі. Ізраільскае МЗС выклікала беларускага амбасадара Ігара Ляшчэню, пасьля чаго ён заявіў, што “Беларусь і антысэмітызм — рэчы несумяшчальныя”. Прадстаўнікі габрэйскай грамады ў Беларусі адзначаюць, што ў краіне дагэтуль нікога не пакаралі за антысэміцкія выказваньні й вандалізм.

У амбасадзе Ізраілю ў Беларусі Радыё Свабода паведамілі, што амбасадар Зэеў Бэн-Ар’е 17 кастрычніка адляцеў у Ізраіль.

“Гэта выпадковае супадзеньне”

“Спадар амбасадар знаходзіцца ў Ізраілі ў чарговым адпачынку. Ён адляцеў самалётам у сераду ўвечары. Мы куплялі квіткі за тыдзень. Ён ехаў з жонкай і дзіцём. Гэта выпадковае супадзеньне”.

Карэспандэнтка: “Маюцца на ўвазе заявы міністаркі замежных справаў Цыпі Ліўні наконт антысэміцкіх выказваньняў кіраўніка Беларусі...”

Прадстаўніца амбасады: “Гэта сапраўды ўсё было, але сам факт ягонага ад’езду — гэта заплянаваны адпачынак. Ён павінен вярнуцца ў ноч з 24 на 25 кастрычніка”.

Учора міністарка замежных справаў Ізраілю Цыпі Ліўні скрытыкавала выказваньні Аляксандра Лукашэнкі на прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх СМІ, калі А.Лукашэнка сказаў:

“Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад. У яго страшна было зайсьці! Сьвінушнік быў! Гэта ў асноўным быў габрэйскі горад. Ну, вы ведаеце, як габрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі…”.



“Роля кіраўнікоў дзяржаваў — змагацца з антысэмітызмам”

Міністарка замежных справаў Ізраілю заявіла, што “роля кіраўнікоў дзяржаваў — змагацца з антысэмітызмам, дзе б ён толькі ні ўздымаў сваю агідную галаву, ва ўсім сьвеце, а не заахвочваць яго! Антысэмітызм — гэта найперш індыкатар грамадзтва, у якім ён узьнікае, і яго кіраўнікоў”.

Беларускі амбасадар: “Беларусь і антысэмітызм — рэчы несумяшчальныя”

Пазыцыя ізраільскага МЗС была даведзеная да амбасадара Беларусі ў Ізраілі Ігара Ляшчэні. Пазьней ён выставіў на сайце амбасады свой камэнтар — як напісана, на просьбу ізраільскіх СМІ.

Амбасадар Беларусі згадвае, як чатыры гады быў адным з памочнікаў Аляксандра Лукашэнкі й ведае пра ягонае “добрае стаўленьне да габрэйскага народу”.

“Беларусь і антысэмітызм — рэчы несумяшчальныя, — заяўляе Ігар Ляшчэня. — Што тычыцца Бабруйску, то цяпер габрэйская грамада тут нешматлікая, але горад праста прасякнуты габрэйскай гісторыяй гэтых мясьцінаў. Яе там памятаюць і берагуць, і ганарацца ёю”.

Пры гэтым амбасадар Беларусі не згадаў пра нядаўні вандалізм на габрэйскіх могілках у Бабруйску.

“Мы лічым, што за гэтым стаяць не хуліганы”

Старшыня Зьвязу беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і абшчынаў Леанід Левін зьвяртае ўвагу на тое, што ў Беларусі нікога не пакаралі за антысэміцкія выказваньні й вандалізм датычна габрэйскіх памятных знакаў і пахаваньняў.

“Нас вельмі хвалюе тое, што здарылася тыдзень таму ў Бабруйску і на наступны дзень у Слуцку. Там наша суполка туліцца ў падвале, і раніцай яны ўбачылі на дзьвярах свастыку, было напісана: “Бі жыдоў”. Ізноў нікога ня знойдуць, ізноў будуць усё валіць на хуліганаў. Але мы лічым, што за гэтым стаяць не хуліганы.

Мы лічым, што дзяржаўнага антысэмітызму ў нас няма, але ёсьць асабісты антысэмітызм. Напрыклад, той жа Скобелеў і ягоная антысэміцкая газэта “Русский вестник”. Ён працуе ў дзяржаўных структурах.

Вось такія, як Скобелеў, і нейкія антысэміцкія выказваньні і штурхаюць нашу моладзь на такія ўчынкі”, — лічыць старшыня Зьвязу беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і абшчынаў Леанід Левін.

Дарэчы, у амбасадзе Беларусі ў Тэль-Авіве ў адказ на запыт ітэрэрнэт-рэсурсу NEWSru.co.il ня сталі камэнтаваць цытаты з выступу Аляксандра Лукашэнкі — сказалі, што такога выказваньня няма ў афіцыйнай стэнаграме выступу кіраўніка Беларусі.

Нагадаем, што яшчэ пры канцы 1990-х гадоў, выступаючы па расейскім тэлебачаньні, Аляксандар Лукашэнка гаварыў, што ўсе расейскія алігархі — габрэі. Пазьней у тэлевыступе ён назваў расейскага вядучага Ўладзімера Позьнера “кручканосым”.


Ганна Соўсь, Менск

• МЗС Ізраілю адклікала пасла зь Беларусі для кансультацыяў, 18.10.2007 • Амбасадара Ізраілю засмучае, што вінаватых у праявах антысэмітызму ў Беларусі не знаходзяць, 17.10.2007 • Л.Рубінштэйн: “Праява антысэмітызму ў Бабруйску — разбураныя могілкі”, 17.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG