Лінкі ўнівэрсальнага доступу

• Горкі: “На жаль, сёньня беларусамі не нараджаюцца, імі становяцца”


Радыё Свабода Тэма грамадзкага рэдактара тыдня. Як выхаваць беларуса, калі няма беларускамоўных школаў ды наагул дзяржаўнага спрыяньня? Адказы на гэтыя пытаньні наш карэспандэнт шукаў у горадзе Горкі Магілёўскай вобласьці.

У Горках жыве каля трыццаці тысяч чалавек. У тамтэйшай сельскагаспадарчай акадэміі пяць з паловай тысяч студэнтаў. А яшчэ ў Горках пяць сярэдніх адукацыйных школ.

У школе нумар чатыры – дзьве беларускамоўныя клясы па шэсьць вучняў. На іх стварэньне ўлады пайшлі дзякуючы высілкам сям’і Каральковых – Ірыны ды Віктара. У дзясятай клясе вучыцца іхняя дачка, Марыля, у чацьвёртай – сын Мікіта.

Пра школу Ірына і Віктар апавядаюць зь неахвотай. Занадта шмат давялося прайсьці ім, каб дамагчыся адкрыцьця для сваіх дзяцей беларускамоўных клясаў. Каральковы сумняваюцца, што сёньняшнія навучальныя ўстановы могуць выхаваць у дзіцяці беларускасьць.

Гаворыць Ірына Каралькова:

“У ідэале ўсё павінна працаваць на выхаваньне – сям’я, школа, асяродзьдзе. На жаль, сёньня беларусамі не нараджаюцца, імі становяцца. Шлях да беларушчыны ў кожнага свой. Я думаю, што сёньня беларусамі можна стаць праз розум, але, на жаль, не праз сэрца. У нейкі момант чалавек проста разумее, што ён беларус, і ўсё пачынае круціцца вакол гэтага разуменьня”.

А вось меркаваньне Віктара Каралькова:

“Спачатку трэба ў сабе выхаваць беларуса, прыйсьці да сябе, умець сваё браць – сям’ю, род і ўсё, што з гэтым зьвязана. Мова, гісторыя, культура – вось тры кіты, на якіх трымаецца выхаваньне дзяцей. Зразумела, і ў нашай сям’і ня ўсё ідэальна, але арыенціры бачым”.

Гандлярка Ларыса Самсонава гаворыць па-беларуску блізу году. Шмат пакупнікоў прыходзяць у краму паслухаць жывую беларускую мову. Як пачынала спадарыня Ларыса свой шлях да беларушчыны?

“Я зь сябе і пачала. Вы думаеце, мне было лёгка? Мне сорак пяць гадоў, я прыехала, і трэба было размаўляць па беларуску. Трэба было набрацца сілы, мужнасьці, каб адразу. Мае блізкія сяброўкі, казалі, – “ты з намі жартуеш, хопіць ужо, колькі табе заплацілі”, – згадвае Ларыса Самсонава.

Музыка Ўладзімер Якубовіч па-беларуску пачаў гаварыць дзякуючы Віктару Каралькову:

“Калі я пачаў сустракацца зь Віктарам як музыка з музыкам, пачуў, што ён размаўляе па беларуску. А чаму я не магу размаўляць? Дзякуючы гэтай сям’і я пачаў рабіць крокі. Інакш глядзець на гісторыю Беларусі, мову беларусаў, на інтэлігенцыю беларускую. Я разважаю на гэты конт”.

Бугальтар камэрцыйнай фірмы Андрэй Другакоў вучыўся ў вясковай беларускамоўнай школе.

“Трэба не саромецца быць беларусам. Хаця я адчуў сябе беларусам у 1991 годзе, калі мы атрымалі незалежнасьць. Я зразумеў, што мы сталі дзяржаваю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG