Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўла Юхневіча арыштавалі на 15 сутак


Любоў Лунёва, Менск Суд Савецкага раёну Менску паўторна пакараў арыштам актывіста моладзевага дэмакратычнага руху Паўла Юхневіча. На хлопца склалі адразу два адміністрацыйныя пратаколы — нібыта за нецэнзурную лаянку. Першы — падчас затрыманьня 23 жніўня “Вольнага тэатру”, другі — за тое, што ён нібыта лаяўся пасьля адбыцьця арышту ў турме на вуліцы Акрэсьціна.

Судзьдзя Людміла Савасьцян разгледзела адразу два адміністрацыйныя пратаколы на Паўла Юхневіча. Сьведкі, супрацоўнікі міліцыі, выступалі адзін за адным.

У першай справе, датычнай нецэнзурнай лаянкі 18 кастрычніка, сьведчылі міліцыянты Галанаў і Кіслоў. У другой, якая тычылася падзеяў 23 жніўня, калі міліцыянты затрымалі актораў “Вольнага тэатру” разам з гледачамі, сьведчылі спэцназаўцы Халамаў і Лемантовіч.

23 жніўня Паўла Юхневіча затрымалі падчас спэктаклю “Вольнага тэатру”. У міліцыі яму стала кепска, ён выклікаў сабе хуткую дапамогу й гэтак зьехаў з аддзелу міліцыі.

У той вечар міліцыянты адпусьцілі астатніх затрыманых. 11 кастрычніка Паўла Юхневіча затрымалі разам зь Мікітам Сасімам. У судзе яго пакаралі арыштам на 7 сутак. Але на волю Павал ня выйшаў — у турму па яго прыехалі міліцыянты й адвезьлі ў суд.

Толькі там Павал даведаўся, што яго будуць судзіць за інцыдэнт, які адбыўся 23 жніўня. Судзьдзя Людміла Савасьцян уручыла яму позву на 19 кастрычніка.

Але міліцыянты зноў пацягнулі Юхневіча ў машыну, патлумачыўшы, што ён мусіць падпісаць нейкія паперы. У міліцыі на яго склалі яшчэ адзін пратакол. І гэтым разам, паводле міліцыянтаў, ён лаяўся.

Павал Юхневіч у судзе паведаміў “Свабодзе”:

“Я лічу, што міністар унутраных справаў спадар Навумаў мяне баіцца. Асабіста мяне. Таму такія дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі ў дачыненьні да мяне былі ўчора... Гэта бяспраўе... Думаю, што супрацоўнікі міліцыі мне за нешта помсьцяць. Ня думаю, што гэта з-за таго, што наперадзе нейкая акцыя”.

Судзьдзя Людміла Савасьцян ня стала выносіць дзьвюх судовых пастановаў і арыштавала Паўла разам за ўсё — на 15 сутак. Пакараньне хлопец будзе адбываць у турме на вуліцы Акрэсьціна.

Павал Юхневіч асуджаны на 15 сутак, Менск, 19.10.2007

Павал Юхневіч асуджаны на 15 сутак, Менск, 19.10.2007

Павал Юхневіч асуджаны на 15 сутак, Менск, 19.10.2007

Павал Юхневіч асуджаны на 15 сутак, Менск, 19.10.2007

П.Юхневіча судзяць за наведаньне тэатральнага спэктаклю, 19.10.2007 Паўла Юхневіча адвезьлі ў суд Савецкага раёну, 18.10.2007
XS
SM
MD
LG