Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Столькі розных прайдзісьветаў прыліпла да заходніх праграмаў дэмакратызацыі Беларусі”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Значную частку нашай пошты апошніх дзён па-ранейшаму складаюць водгукі на Эўрапейскі марш, што адбыўся ў Менску ў мінулую нядзелю. Пішуць і непасрэдныя ўдзельнікі гэтай акцыі, і назіральнікі.

З аднаго з такіх лістоў і пачну сёньняшнюю размову. Ян Ханевіч зь Менску піша:

“Людзі проста ня ведаюць, што наўкол адбываецца. Калі б пра Эўрапейскі марш ведалі, на яго прыйшлі б сотні тысяч. Але ж апазыцыя кепска працуе: не распаўсюджвае інфармацыю. Ды і Радыё Свабода ня мае вастрыні. Чаму вы не заклікалі людзей на плошчу, ня білі ў званы? З такой арганізацыяй мы далёка не заедзем.

А колькі розных прайдзісьветаў папрыліпала да заходніх праграмаў дапамогі ды дэмакратызацыі Беларусі? Сотні так званых “актывістаў” зьяжджаюць на Захад як “палітуцекачы”, як студэнты-“каліноўцы” — і зьнікаюць там бясьсьледна. У іх жа звычайныя асабістыя “шкурныя” інтарэсы — няўжо вы гэтага не разумееце? А вы зь іх герояў лепіце”.

Мы, спадар Ханевіч, адлюстроўваем падзеі такімі, якімі яны ёсьць. Зусім магчыма, што некаторыя людзі далучаюцца да дэмакратычнага руху толькі дзеля таго, каб як найхутчэй і найпрасьцей пакінуць Беларусь назаўсёды.

Але праўда і тое, што вельмі многія праз сваю палітычную актыўнасьць губляюць месца вучобы, працы, церпяць перасьлед — і маюць патрэбу ў дапамозе. І нават атрымліваючы магчымасьць для палітычнай эміграцыі, яны не пакідаюць Беларусь.

Мы імкнемся, каб нашы слухачы ведалі пра ўсе важныя падзеі і зьявы, якія адбываюцца і ў асяродзьдзі апазыцыі, і сярод уладных інстытутаў, і ў грамадзтве. Бо лічым, што праўдзівая і поўная інфармацыя — найпершая перадумова дэмакратыі. Чалавек, які ведае праўду, здольны сам выбраць правільны шлях і ўладкаваць сваё жыцьцё.

А вось заклікаць да ўдзелу ці няўдзелу ў нейкіх грамадзкіх масавых акцыях — ня наша функцыя. Гэтым павінны займацца палітыкі.

Аўтар наступнага ліста Фёдар Лугавы з Барысава. Ён разважае пра цяжкасьці, зь якімі сутыкаецца чалавек, які наважваецца скардзіцца на начальства. Слухач піша:

“Штаты супрацоўнікаў розных устаноў паўсюль разьдзьмутыя. Пры гэтым высокія начальнікі вэртыкалі, прэзыдэнцкай адміністрацыі ізаляваныя ад народу. На каго яны працуюць? Зьвяртаесься да іх па дапамогу, а яны не дапамогуць, ня выедуць на месца, каб разабрацца з парушальнікамі, а толькі накіруюць ліст таму самаму чынушу, які не выпраўляе недахопы. У выніку пакараюць самога скаржніка.

А заробкі ў гэтых начальнікаў, ведаю, неблагія. І ўсё — з народнай кішэні. Уладкоўваюць жа туды часта ня тых, хто гэта заслугоўвае, а сваякоў і знаёмых розных начальнікаў.

І кантрактная сыстэма ў нас у многіх месцах ператварылася ў рабства. Чалавек адчувае сябе цалкам залежным ад адміністрацыі, бо баіцца, што праз год можа страціць працу. А таму ён гатовы на ўсё. Ёсьць нават выпадкі, калі рабочыя, як рабы, працуюць у свайго дырэктара на агародзе ці на будоўлі”.

Дачыненьні паміж грамадзянамі і ўладай у Беларусі маюць адну важную асаблівасьць, уласьцівую для любой аўтарытарнай сыстэмы. Пакрыўджаны чалавек тут прывык зьвяртацца ня ў суд, а ў райвыканкам, аблвыканкам, адміністрацыю прэзыдэнта — гэтак жа, як раней зьвяртаўся ў райкам, абкам ці ЦК партыі.

Тлумачэньне тут відавочнае: людзі бачаць, у каго рэальная ўлада, а ў каго толькі бачнасьць улады.

У выніку выканкамы ўсіх узроўняў завалены сотнямі тысяч скаргаў. І ніякіх штатаў кантралёраў ня хопіць на тое, каб праверыць кожны ліст з выездам на месца. Скаргу ў найлепшым выпадку пускаюць поштай па бюракратычным коле, пакуль яна ўрэшце ня дойдзе да таго самага чыноўніка, на якога чалавек скардзіўся.

Наш слухач Ігар Пастноў у сваім новым лісьце на “Свабоду” апісвае ўражаньні ад працы і жыцьця ў раённым цэнтры Дуброўна, што ў Віцебскай вобласьці:

“Тут усе навідавоку, усе адзін аднаго ведаюць. Пагалоска хутка разыходзіцца. Не схалтурыш. Таму, відаць, і не затрымліваюцца маладыя спэцыялісты. Развучыліся працаваць. Ім бы на плошчу, пагарлапаніць, пакрытыкаваць ды грант за гэта атрымаць. За кардон зьехаць.

Шпіталь, дарэчы, абсталяваны самым сучасным абсталяваньнем. Чыста і ўтульна, як у абласным шпіталі. Вядзецца будаўніцтва. А вось лекараў не хапае. Кідаюць службовыя кватэры і ўцякаюць. Але тут праблема, відаць, яшчэ і ў тым, што ня ўсе становяцца дактарамі паводле пакліканьня. А таго не разумеюць, наколькі цяжкая прафэсія лекара.

Мясцовыя дарогі, дарэчы, вельмі добрыя. Дзесяць гадоў таму, памятаю, даводзілася трэсьціся па ямінах ды калдобінах. Так што давайце глядзець праўдзе ў вочы: за мінулыя гады шмат зроблена для людзей. А тое, што бомж недзе памёр, атруціўшыся самапальнай гарэлкай — гэта, вядома кепска. Але якраз супраць гэтага зла й накіраваны прэзыдэнцкі ўказ №1. І многіх ужо ўзялі за жабры.

Дарэчы, гэта можна назіраць у любой краіне. Тут да мяне нядаўна хлопчыка прынесьлі на прыём: трынаццаць гадоў, паралізавала ногі, мочыцца пад сябе. Здарылася ўсё пасьля таго, як “шырнуўся” нейкай дрэньню кшталту “экстазі”. Раскажыце, калі ласка, і пра гэта. Вас жа слухае моладзь.

А ў намётах на пікетах у Менску знаходзілі шпрыцы ад наркотыкаў. Няхай ведаюць, да чаго гэта вядзе. Многія хваляваньні пачыналіся якраз пасьля ўкідваньня моладзі гэтай атруты. Залітыя вочы, ашалелыя позіркі... Такія пойдуць куды заўгодна. Адрэналін кіпіць.

Давайце ратаваць. Не ад нас гэта пайшло. У царскай арміі, у айчынную вайну салдатам давалі 100 грамаў для адвагі. А атрымалася — сьпіваліся цэлыя пакаленьні. Трэба ратаваць моладзь ад гэтага.

...Прачытайце мой ліст, спадар Валянцін. Разумна, па-дзелавому, як вы гэта ўмееце. Зрэшты, можа, якая-небудзь цётка ад БНФ зноў назаве мяне па “Свабодзе” не ўрачом, а рвачом”.

На нашым радыё, спадар Пастноў, недапушчальныя асабістыя зьнявагі й прыніжэньні — якімі б гарачымі ні былі спрэчкі і дыскусіі. Абяцаем, што зьвернем на гэта асаблівую ўвагу ў тых завочных дыспутах, якія вядуць паміж сабой слухачы ў “Званках на Свабоду”.

Даўні сюжэт Беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня пра намётавы лягер моладзі на Кастрычніцкай плошчы ў сакавіку 2006 году, калі памятаеце, выклікаў вялікія пратэсты і саміх насельнікаў лягеру, і шматлікіх відавочцаў, якія там былі.

Шпрыцы ад наркотыкаў, паказаныя па тэлебачаньні, чамусьці ўбачылі толькі дзяржаўныя прапагандысты — ніхто больш. Вы не задавалі сабе пытаньне: чаму так здарылася?

Што да масавага п’янства і алькагалізму ў Беларусі — сапраўды, гэта рэальная пагроза для грамадзтва. Але аднымі выхаваўчымі гутаркамі тут не дапаможаш. Мне ўжо ня раз даводзілася чытаць падобныя трывожныя лісты на гэтую тэму.

Дзяржава ўсяляк заахвочвае рост вытворчасьці алькагольных напояў. Спажываньне піва штогоду расьце ледзь не ўдвая. Хлопец ці дзяўчына зь піўной бутэлькай у руках у грамадзкім месцы (нават у мэтро ці аўтобусе) — сёньня звычайная зьява ў любы час сутак. Рэкляма алькагольных напояў — на кожным кроку і на ўсіх тэлеканалах.

Дзяржава сама “падсадзіла” на алькаголь цэлыя пакаленьні моладзі — і потым зьдзіўляецца, што не хапае месцаў у выцьвярэзьніках і ў шпіталях, дзе лечаць алькаголікаў.

На заканчэньне некалькі кароткіх лістоў.

Нам піша Васіль Завадзкі з Маладэчна:

“Сёньня лаюць “Свабоду” толькі тыя слухачы-пэнсіянэры, якія за апошні час ужо тройчы атрымалі дабаўку да пэнсіі. А такія пэнсіянэры, як я, каторым пэнсію дабавілі толькі адзін раз — за Свабоду”.

Я, спадар Завадзкі, ведаю нямала пэнсіянэраў, якія сябруюць са “Свабодай” незалежна ад таго, колькі разоў ім дабавілі пэнсію. Думаю, нават калі ў іх такіх дабавак будзе болей чым тры, яны застануцца з намі. Бо сьветапогляд вызначаецца ня толькі памерам пэнсіі.

Вершаванай публіцыстыцы аддае перавагу ў сваім новым лісьце Іван Цімафейчык зь вёскі Мадзейкі Зэльвенскага раёну. Ягоны твор — на тэму Эўрапейскага маршу, на якім слухач не прысутнічаў, але ў думках быў разам з удзельнікамі. Ёсьць у творы Івана Цімафейчыка такія радкі:

Мой люд маўклівы, мой люд лагодны, Ад сну ачніся — зірні ў прасьцяг: Як вокам кінуць, твой брат ў паходзе. Лунае ў высях твой вольны сьцяг!

Дзякуй спадар Цімафейчык, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG