Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі пасол быў выкліканы ў МЗС Ізраілю


Радыё Свабода Учора міністар замежных справаў Ізраілю Цыпі Ліўні рэзка скрытыкавала антысэміцкія заўвагі Аляксандра Лукашэнкі, выказаныя ім на мінулым тыдні на прэсавай канфэрэнцыі перад расейскімі рэгіянальнымі журналістамі. Пасол Беларусі ў Ізраілі Ігар Ляшчэня быў выкліканы ў Міністэрства замежных справаў Ізраілю.

Як паведамляе газэта “Гаарэц”, падчас тлумачальнай гутаркі з намесьнікам кіраўніка дэпартамэнту Эўропы і Азіі ізраільскага МЗС Піні Авіві, пасол Беларусі паспрабаваў абвергнуць інфармацыю аб выказваньнях Лукашэнкі, што выклікала дадатковы гнеў супрацоўнікаў МЗС. “Гэта ня нейкі клерк – гэта ваш прэзыдэнт, ні менш ні больш, і мы шакаваныя і выказваем нашае абурэньне. Апрача прэзыдэнта Ірану ніхто так не гаворыць”, – сказаў Піні Авіві паслу Ляшчэню.

Кіраўніцтва МЗС зазначыла, што ізраільскі пасол у Беларусі цяпер знаходзіцца ў адпачынку ў Ізраілі і што напачатку разглядалася прапанова адкласьці ягонае вяртаньне ў Беларусь. Аднак урэшце было вырашана ўстрымацца ад такога кроку, каб не паглыбляць крызыс. “Але мы ня будзем вагацца вярнуць пасла, калі такія выказваньні прагучаць зноў”, – сказаў высокапастаўлены службовец міністэрства. Адпаведная нота была перададзеная беларускаму паслу.

У пасольстве Беларусі ў Ізраілі ў адказ на запыт інтэрнэт-рэсурсу NEWSru.co.il ня сталі камэнтаваць згаданую цытату з выступу А.Лукашэнкі. Прадстаўнік пасольства зазначыў, што ня можа даваць ніякіх камэнтароў з гэтай нагоды, бо гэтай цытаты няма ў афіцыйнай стэнаграме выступу прэзыдэнта Беларусі.

Нагадаем, што падчас прэсавай канфэрэнцыі, якая трансьлявалася ў жывым эфіры Першай праграмы Беларускага радыё, кіраўнік Беларусі заявіў: "Калі вы былі ў Бабруйску, вы бачылі, у якім стане горад. У яго страшна было зайсьці! Сьвінушнік быў! Гэта ў асноўным быў яўрэйскі горад. Ну, вы ведаеце, як яўрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць. Паглядзіце ў Ізраілі".

Запіс з эфіру Беларускага радыё, 12 кастрычніка 2007 году, каля 14.30:



• Амбасадар Ізраілю яшчэ ў сераду вылецеў зь Беларусі, 19.04.2007 • МЗС Ізраілю адклікала пасла зь Беларусі для кансультацыяў, 19.04.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG