Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Класкоўскі: “Магчыма, газавай вайны і ня будзе”


Віталь Цыганкоў, Менск Сёньня ў Менск прылятае прэм’ер-міністар Расеі Віктар Зубкоў. Ён мае ўзяць удзел у паседжаньні Савету міністраў гэтак званай саюзнай дзяржавы. Якое месца займае цяпер Беларусь у расейскай замежнай палітыцы? Ці будуць прэм’еры абмяркоўваць пытаньні цаны на газ для Беларусі? Гэтыя пытаньні мы абмяркоўваем з публіцыстам Аляксандрам Класкоўскім.

Цыганкоў: “Свой першы замежны візыт на пасадзе прэм’ер-міністра Расеі Віктар Зубкоў ажыцьцяўляе ў Беларусь. Звычайна аналітыкі і журналісты такі выбар называюць знакавым. Зь іншага боку, пасяджэньне Саўміну, на якое прыяжджае Зубкоў, выглядае вельмі будзённым мерапрыемствам. Якое месца, на вашу думку, займае цяпер Беларусь у расейскай замежнай палітыцы?”

Класкоўскі: “Думаю, што гэтае месца дастаткова сьціплае. Калі згадаць прамую лінію прэзыдэнта Пуціна 18 кастрычніка, дык вельмі паказальна, што наша краіна была згадана толькі двойчы, праз коску зь іншымі. А ляўры першага інтэгратара былі аддадзеныя прэзыдэнту Казахстану Назарбаеву.

Трэба сказаць, што наша палітычная аналітыка трохі пакутуе на беларусацэнтрызм, нібыта Крэмль толькі і пляце сцэнары зьмены ўлады, паглынаньня і гэтак далей. Думаю, што насамрэч Крэмль пахаваў ідэю “братняй інтэграцыі”, па-другое, разумее ўсю маларэальнасьць аншлюсу ў той ці іншай форме і выдаткі такога сцэнару і, па-трэцяе, кіруецца прагматычнымі эканамічнымі меркаваньнямі. Зыходзячы з гэтага, Зубкоў ці любы іншы прэм’ер і будзе будаваць свае дачыненьні зь беларускім бокам”.

Цыганкоў: “Беларуска-расейскія адносіны назаўжды атручаныя газам”, – сказаў калісьці, падчас газавага канфлікту, Аляксандар Лукашэнка. Цяпер бакі зноў пачынаюць абмяркоўваць цану на газ. Ці будуць прэм’еры абмяркоўваць гэтае няпростае пытаньне, ці захочуць яны “азмрочваць” ім сваё знаёмства?”

Класкоўскі: “Калі працягваць гэтую мэтафару, то абодва бакі будуць імкнуцца пазьбегчы паўторнага “атручэньня”. І тут у кожнага ёсьць свае падставы. Расея не зацікаўленая абвастраць стасункі ў кантэксьце сваіх электаральных кампаніяў, якія ідуць адна за адной.

У гэтым сэнсе сымптаматычная сьвежая заява амбасадара Расеі ў Беларусі Сурыкава, які спрагназаваў, што кошт газу на наступны год для Беларусі можа скласьці 125 даляраў за тысячу кубоў. Думаю, Сурыкаў ня той чалавек, які будзе імправізаваць на гэтую тэму. Таму можна з дастатковай ступеньню імавернасьці казаць, што Масква вырашыла занадта не абвастраць стасункаў. Сам гэты кошт уяўляецца дастаткова лагодным, бо экспэрты казалі і пра 160 – 170 даляраў.

Так што, магчыма, газавай вайны, пра якую так шмат казалі аналітыкі, і ня будзе. Зь іншага боку, трэба ўлічваць, што афіцыйны Менск умее нечакана гуляць на абвастрэньне, каб выгадаць яшчэ большыя дывідэнды”.

• “Ад Віктара Зубкова Менску можна чакаць большай цьвёрдасьці”, 19.10.2007 • Беларусь дамовілася з Расеяй пра аб’ёмы газу, але не пра цэны, 17.10.2007
XS
SM
MD
LG