Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мянчук разьвітваецца з халасьцяцкім жыцьцём па віне Штанге”


Іна Студзінская, Менск Агляд недзяржаўнага друку за 19 кастрычніка.

“Народная воля” пад рубрыкай “Прыгожа жыць не забароніш” публікуе артыкул “Царскае сяло” – пра імклівае будаўніцтва прэстыжнага катэджнага пасёлку ў прыродаахоўнай зоне на беразе Драздоўскага вадасховішча. Будуюцца там высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі: галоўны прэзыдэнцкі ідэоляг Алег Праляскоўскі, старшыня Акадэміі навук Міхаіл Мясьніковіч, міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў, мэр Менску Міхаіл Паўлаў, старшыня Нацбанку Пётар Пракаповіч. Няма праблем з газам, электрычнасьцю, добраўпарадкаваньнем тэрыторыі. А вось працаўнікі ЦЭЦ-4, якія атрымалі дзялянкі пад будаўніцтва ў 1992 годзе, дасюль мучацца з камунікацыямі і дарогамі. Паводле ацэнак рыэлтараў, некаторыя церамкі ў “Царскім сяле” “цягнуць” на паўмільёна даляраў і больш.

“Брестская газета” аналізуе статыстыку адносна самагубстваў у вобласьці. Штогод добраахвотна з жыцьцём расстаецца каля 500 чалавек. Сярод самагубцаў мужчынаў у 3 разы больш, чым жанчын, жыхароў сельскай мясцовасьці ў два з паловай разы больш за гараджанаў. 70 % людзей, якія ўчынілі самагубства, знаходзіліся ў стане алькагольнага ап’яненьня. Тыднёвік дае і інфармацыю для роздуму: урад Беларусі павялічыў квоты на вытворчасьць этылавага сьпірту і алькаголю на 16 %. На кожнага жыхара краіны, уключна зь немаўляткамі, будзе выраблена яшчэ на 2 літры моцнага алькаголю больш.

І ў працяг тэмы – публікацыя ў слуцкім “Інфа-кур’еры”: “Справа самагубцы спыненая”. 21 ліпеня ў Слуцку было знойдзенае цела салдата ўнутраных войскаў, які вісеў на рамяні на мосьце праз Случ. Слуцкая міжгарнізонная пракуратура завяла справу па артыкуле “давядзеньне да самагубства”. Але цяпер справу закрыла: быццам бы салдат разьвітаўся з жыцьцём па асабістых матывах.

Маладэчанская “Рэгіянальная газета”. У Вялейцы прайшлі мерапрыемствы для ўшанаваньня памяці гетмана Піліпа Орліка, аўтара першай украінскай канстытуцыі.

“Сьвята пачалося ў вёсцы Касата, дзе нарадзіўся Піліп Орлік, з богаслужэньня ў царкве сьвятых Пятра і Паўла, – расказвае маладэчанская журналістка Марына Сьліж. – Каля памятнага знаку адбыўся мітынг. Ва ўрачыстасьцях браў удзел пасол Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавы. У Вялейцы імем Піліпа Орліка названа вуліца, устаноўлена мэмарыяльная дошка”.

“Комсомольская правда” в Белоруссии”. “Мянчук Саша Далідовіч разьвітваецца з халасьцяцкім жыцьцём зь віны Штанге”. Хто б мог уявіць, што ганебная параза прафэсійнай зборнай Беларусі аматарскай камандзе Люксэмбургу стане для адных трагедыяй, а для маладой пары Алены Зенчык і Аляксандра Далідовіча – падставай для паходу ў ЗАГС. Хлопец паабяцаў каханай дзяўчыне ажаніцца, калі беларусы прайграюць Люксэмбургу.
XS
SM
MD
LG